АФІЦЫЙНА!

2490 праглядаў

Старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў. Фота Юрыя Мазалеўскага

Справаздачны даклад старшыні ГА "БСТД" Дударава А.А. аб дзейнасці Саюза за перыяд з мая 2012 года па май 2017 года

Дарагія сябры, калегі, высокашаноўныя госці!

Перш чым пачаць працу нашага З’езда, традыцыйна памянем тых, чыё зямное жыццё скончылася за гэтыя гады. Узгадаем усіх паіменна:

1. Вячаслаў ГРЫБАЙЛА,

2. Леанід ІВАШКОЎ,

3. Алесь ПЕТРАШКЕВІЧ,

4. Мікалай РАЖКОЎ,

5. Сяргей САРЖАНКА,

6. Юзефа САВІЧ,

7. Анатоль САБАЛЕЎСКІ,

8. Марыя БУСЬКО,

9. Генрых ГЕДЫЛЬЦЭР,

10. Міхаіл ДРУЖЫНА,

11. Бася КАРПІЛАВА-РАЗЕНБЛАТ,

12. Юры КУЛІК,

13. Васіль КАНДРАСЮК,

14. Любоў ЛЕБЕДЗЕВА,

15. Мікалай ПАЛО,

16. Віктар ПІСКУН,

17. Анатоль ПАДШЫВАЛАЎ,

18. Тамара ЦЕРАЙКОЎСКАЯ-КІРЫНА,

19. Юры ШЭФЕР,

20. Пётр ЮРЧАНКОЎ,

21. Уладзімір ДРАБЫШЭЎСКІ,

22. Дзіна ДОЙБАН,

23. Сяргей КРАЎЧАНКА,

24. Альберт КОШАЎ,

25. Пётр МАГАЗІННІК,

26. Ніна НІКЕЕВА,

27. Валеры РАЧКОЎСКІ,

28. Уладзімір СТАНКЕВІЧ,

29. Вера ФАМІЧЭНКА,

30. Рыма ХМЯЛЕЎСКАЯ,

31. Эльвіра ГЕРАСІМОВІЧ,

32. Сяргей ЖУРАВЕЛЬ,

33. Арсеній ЛАБОВІЧ,

34. Канстанцін ПЕЧНІКАЎ,

35. Канстанцін ПЕРАПЯЛІЦА,

36. Лідзія РАЖАНАВА,

37. Людміла СТАРАДУМАВА,

38. Генрыета АНАНЬЕВА,

39. Ніна АНДРЫЯНАВА,

40. Соф’я ВАЕВОДСКАЯ,

41. Барыс ГАНАГА,

42. Вадзім ГЕСЬ,

43. Анатоль ГАЛКІН,

44. Уладзімір ГЕНЕРАЛАЎ,

45. Надзея ДАШКЕВІЧ,

46. Уладзімір ЗАЛАТУХІН,

47. Марыя КАРЧЭЎСКАЯ,

48. Ніна КОНАНАВА,

49. Леў ЛЯХ,

50. Валянціна МІЛЬТО,

51. Генадзь МАЛЮЦІН,

52. Марыета МІЦКЕВІЧ,

53. Марыя НІКУЛІНА,

54. Зоя ПЕЧНІКАВА,

55. Уладзімір ПРАТАПОПАЎ,

56. Ала ПАЎЛОВІЧ,

57. Галіна СІДЗЕЛЬНІКАВА,

58. Фрыда СМЯЛКОЎСКАЯ,

59. Іван ЦЮРІН,

60. Генадзь ТРУБКІН,

61. Віктар ЯМІНСКІ,

62. Сяргей КАРТЭС,

63. Расціслаў ЯНКОЎСКІ.

Упакой Госпадзі іх душы! Будзьма доўжыць іх справу, нашу працу, наша прызначэнне. Дзякую! Сядайце, калі ласка…

Сябры і калегі! Вось і скончылася яшчэ адно пяцігоддзе! Яно было вельмі складаным. Аднак у гэтай складанасці быў і свой пазітыў. Хоць гэта гучыць некалькі мудрагеліста і па тэатральнаму. Нявызначаннасць – самае страшнае, что бывае ў жыцці. Нездарма ў аднаго старажытнага народа ёсць такі праклён: «чтоб ты жил в эпоху перемен…» І вось у гэтую “эпоху” не толькі нашая творчая суполка, але і іншыя творчыя саюзы жылі дзесяцігоддзямі. Чакалі лепшага, намагаліся нешта рабіць, пісалі лісты, аб’ядноўваліся, каб быць разам, каб наш голас быў грамчэйшым, мо дакрычымся. Мы ж не абы хто! Пісьменнікі, мастакі, артысты, мастацтвазнаўцы, рэжысёры, архітэктары, кінематаграфісты, музыкі, кампазітары! Дызайнеры! Творцы! Культуролагі! Прагматычны час паставіў кропку ў гэтых нашых рамантычных чаканнях і вызначыў: нашы творчыя саюзы – гэткія ж грамадскія аб’яднанні, якіх у нашай краіне не адзінкі, не дзесяткі, нават не сотні! На 1 студзеня гэтага года Мінюст зарэгістраваў больш за 2600 грамадскіх аб’яднанняў. Больш за 2600! Удумайцеся! І ўсе яны спадзяюцца, як і мы, на дапамогу Дзяржавы. І калі Дзяржава дасць кожнаму аб’яднанню толькі па 1 рублю ў месяц, давядзецца чухаць патыліцу і думаць, дзе ўзяць сродкі для сціплых пенсій дзясятку пенсіянерам.

Творцы (гэта мы!) даводзяць, што нясуць у масы культуру і мастацтва, і настойваюць на тым, каб Дзяржава іх падтрымлівала. Ёсць логіка? Ёсць!

Аматары піва (калі ёсць такая суполка) даводзяць, што падтрымліваюць айчыннага вытворцу, і настойваюць на тым, каб Дзяржава іх падтрымлівала. Ёсць логіка? Ёсць!

Хакеісты сцвярджаюць, што падымаюць імідж Беларусі і іх Дзяржава павінна падтрымліваць! Ёсць логіка? Ёсць!

Ну, і, як кажуць, і т.д. і т.п. 2600 разоў. Што рабіць? Прагматычны час адказвае на гэта пытанне вельмі жорстка і катэгарчына: спадзявацца толькі на саміх сябе! На сябе і на тое, што нам пакінулі нашыя папярэднікі. На сябе, значыць на ўступныя і членскія ўзносы. Вы ведаеце, што яны ў нас сімвалічныя. І гэта не ад шчодрасці душы кіраўніцтва Саюза. Проста павялічэнне членскіх узносаў (а хоць у 10 разоў) нічога не дасць! А калі і дасць, то адваротны вынік.

Нашы калегі, атрымліваючы сціплыя заробкі, проста не будуць плаціць і аўтаматычна пакінуць Саюз. Пагібель. Пагібель адной з самых старэйшых, шматлікіх і аўтарытэтных творчых суполак нашай Беларусі. Каму гэта трэба? Рытарычнае пытанне. Цяпер давайце ўзагадаем, што нам пакінулі нашы папярэднікі. Светлай памяці Ларыса Пампееўна Александроўская і светлай памяці Мікалай Мікалаевіч Яроменка. Ну, не яны асабіста, а БТА і БСТД, якія яны ўзначальвалі ў свой час. Гэта мастацкі камбінат (цяпер унітарнае прадпрыемства “Эладэя”), пансіянат “Тэатральны” ў Астрашыцкім гарадку, Дом мастацтваў – двухпавярховы будынак на праспекце Незалежнасці, 26 у Мінску. Багацце! Проста жыві і радуйся! Радавацца, канечне, можна, а як жыць? Трэба асэнсаваць, што жывем мы сёння не толькі ў іншай краіне, нават не на іншай планеце, а ў іншым Сусвеце, дзе іншыя каштоўнасці, іншыя вызначэнні, іншыя вымярэнні, іншыя … усё іншае!

Прыгадаем наш Дом мастацтваў на Праспекце, 26… Домік, як мы ласкава яго ўсе называлі. А гумарысты ўвогуле прыдумалі “мутнае вока”. Ва ўсіх па ім настальгія. Чароўны будынак! Цэнтр. Метро ў двух кроках. Усе мінскія тэатры побач. Колькі з Домікам у нас было звязана! Колькі ў ім прайшло мерапрыемстваў.

У 1999 годзе Пастановай Саўміна гэты будынак перададзены Беларускай епархіі. Яго ніхто не забіраў, ніхто не губляў ці “прафукаў”. Дзяржава аднавіла гістарычную справядлівасць. Гэта можно толькі вітаць і падтрымліваць! Хаця грэшан: і лісты пісаў, і нават з Уладзімірам Пятровічам Рылаткам да Яго Высокапраасвяшчэнства Філарэта хадзіў у госці. Вы ведаеце, як цяжка адстойваць нешта, калі ты верыш у супрацілеглае. Ну і потым, Пастанова Саўміна – прававы акт! І яго мусяць выконваць усе без выключэння. Будзем сумленнымі і шчырымі. Не будавалі мы гэты Домік. Гэта архіерэйскі падворак Александрыйскага Сабора. Ён збудаваны на пачатку ХХ стагоддзя на сродкі вернікаў і належыць павінен праваслаўнай царкве. Цяпер ён ёй і належыць. Як і належыў. І хоць гэта можа для нас і не вельмі камфортна, аднак у гэтым выпадку Дзяржаве трэба сказаць “дзякуй!”. І тым, хто носіць крыжык, і тым, хто не носіць яго. Паўтаруся: гэтым разам ніхто нічога ні ў каго не адбіраў.

У храме павінен быць храм. Храм, а не склад, не канцэртная зала, філармонія, Дом мастацтваў, ці хай сабе і вельмі абаяльнае “мутнае вока”. Цяпер у нашым колішнім Доміку ідуць літургіі і над яго дахам лунае залаты крыж. Мы нічога не страцілі! Мы набылі!

Дзяржава ўзамен праз Міністэрства культуры часова перадала на баланс БСТД нежылыя памяшканні па вул. Чырвоная, 22. 15 гадоў мы здавалі іх у арэнду. Гэта дазваляла вясці ў цяжкія гады якую-ніякую статутную дзейнасць.

Колькі слоў пра Дом адпачынку ці пансіянат “Тэатральны”, што ў Астрашыцкім гарадку. Ужо больш за год ён мае новага ўласніка – Камітэт па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама. Ацэнены і набыты дзяржаўнымі структурамі. Падкрэсліваю – дзяржаўнымі! З санкцыі Рады нашай арганізацыі. У адпаведнасці са Статутам. Калі б гэтага не адбылося, ніякая, нават самая прымітыўная дзейнасць Саюза на сёння была б немагчыма. Арыштавалі б рахунак і ўсё. І арыштоўвалі. Не адзін раз. Любую ўласнасць трэба абслугоўваць, выдаткоўваць на яе сродкі. І не малыя. Там 2 гектара зямлі, за якія трэба плаціць падатак. Маёмасць, за якую таксама трэба плаціць падатак. З чаго? Толькі з нашых узносаў і з тых сціплых пералічэнняў, якія рабіла наша “Эладэя”. Не хапала!

Увогуле, апошняя чвэрць веку, а фактычна з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю, “Тэатральны” працаваў на тое, каб быць “на плаву”, сам на сябе, нічога апроч праблем і галоўнага болю Саюзу не даючы. А ў канцы жніўня 2015 года МЧС (па стараму “пажарнікі”) увогуле забаранілі знаходзіцца людзям у будунку, эксплуатаваць яго, пакуль пажарная сігналізацыя наладжана не будзе. А што такое наладзіць пажарную сігналізацыю ў такім будынку і здаць яе! Колькі яна каштуе ў зале ёсць людзі, якія гэта ведаюць. Ды і вы здагадваецеся… Эксплуатаваць, а, значыць, і зарабляць на ўтрыманне забаранілі, а падаткі засталіся. З якіх шышоў іх плаціць – мала каго, а ўвогуле, нікога не цікавіць. А паспрабуй не заплаціць – рахунак арыштуюць. Калі чалавеку нешта прывязалі на шыю і кінулі ў ваду, яму ўсёадно, што ў яго на шыі: булыжнік ці кавалак золата. Ён ідзе на дно. У нас было золата. Яно яшчэ цяжэйшае.

Сацыялка! Я, калі вырашаўся лёс “Тэатральнага”, паездзіў і пахадзіў па пасяджэннях і ведаю, што вакол Мінска пакінутых дамоў адпачынку, турбаз, піянерлагераў незлічоная колькасць! Яны нікому не патрэбныя! Нават вытворчым гігантам! Куды ўжо нам з  нашымі магчымасцямі! Будынку пашчасціла, што для нейкіх мэтаў ён спатрэбіўся Дзяржаве. Кажуць, што там будзе Дом для пажылых людзей. Боская справа. Можа некаму і з нас спатрэбіцца. А так бы зачах, разбурыўся і… знік. А заклінанні тыпу: “Ах, мы там маглі танна адпачыць! Ах, наша маёмасць!” – гэта эмоцыі, на якія мы творцы заўсёды былі здатныя. Нагадаю тое, пра што казаў у самым пачатку: няма таго што раньш было. Мы знаходзімся ў іншым вымярэнні. Добра гэта ці дрэнна, але гэта так. І вы ўсе гэта добра адчуваеце на сабе. Чаму гэта “вы”? І я таксама.

Існуюць развагі пра тое, што калі б знайшоўся добры менеджэр ды наладзіў працу, дык Пансіянат карміў бы і Саюз, і мільённыя (вядома ж дэнамінаваныя) прыбыткі даваў бы ўласніку. Гэта, даруйце, кухонныя бабскія размовы! Не больш таго. Ну як жа! Такое месца! Пад бокам у Мінска, лес, чысцюткае возера, такія дарогі! Месца сапраўды казырнае, нічога не скажаш. Нездарма, там амаль ужо цэлы век знаходзіцца ўрадавая рэзідэнцыя. Со всеми вытекающими! Рэжымная зона… А інвестар у рэжымную зону ніколі не пойдзе. Да вайны быў адзін рэжым, пры Александроўскай другі, пры Яроменку трэці, цяпер чацьвёрты і т.д. і т.п. А без сур’ёзных інвестыцый аб’ект захірэе. Што з ім і рабілася.

І тое, што адбылося ў мінулым 2016 годзе, для Саюза, для нас зусім не блага, а, кажучы па-руску «великое благо». Саюз атрымаў неслабыя грошы, яны ў надзейным банку на дэпазіце, працэнты даюць магчымасць весці статутную дзейнасць. І яшчэ скажу: калі б на маім месцы быў Елізар’еў, Луцэнка, Руднева, Пінігін, Скарабагатаў, ну, вы разумееце пра што я – было б тое ж самае, што мы і маем зараз, а вось, калі б быў славуты менеджэр – пансіянат сплыў бы за так, нават дзякуй бы не сказалі. І Саюз бы здох. Для гэтага былі ўсе падставы. Даруйце.

І яшчэ. Тым, хто загатаваў у сваіх выступленнях фразу пра тое, што прададзеная маёмасць прагульваецца і праядаецца, раю выкрэсліць яе. Дзень тэатра ў гэтым годзе праведзены чыста за спонсарскія грошы. Часткова нават З’езд за іх праводзім. Аднак вы самі добра ведаеце, спонсары ў чарзе за тым, каб аддаць свае грошы, не стаяць. Такі час! Такая рэальнасць.

Рызыкую падацца вам кончаным канфармістам, аднак і за тое, што адбылося з нашым пансіянатам “Тэатральны”, кажу шчырае дзякуй Дзяржаве. Некалі за яе сродкі быў пабудаваны вытворча-мастацкі камбінат (цяперашняя “Эладэя”), а з прыбыткаў гэтага камбіната пабудаваны і “Тэатральны”. У тым ліку за яго кошт апошні год мы і існуем. Фінансавыя сродкі – тая ж маёмасць, якую можна здаваць у арэнду. Але рабіць гэта трэба з галавой на плячах, бо можна застацца і без грошай, і без маёмасці. Век такі і час такі. Ды і аддаць каму-небудзь грошы (нават калі яны ёсцейка (асабліва юрыдычнай асобе) цяпер зусім няпроста. Стаўкі ўсюды заніжаныя. Наш банк нам насустрач пайшоў. Не парушаючы пры гэтым ні заканадаўства, ні рэкамендацый галоўнага Рэгулятара – Нацбанка. Ну і не зарабляючы на нас. Можна лічыць гэта своеасаблівым спонсарствам.

Наш мастацкі камбінат (цяпер Унітарнае прадпрыемства “Эладэя”) заўсёды быў для Саюза матэрыяльным падмуркам. За яго кошт мы жылі, за яго кошт вялі статутную дзейнасць. І вось як тут настальгічна не ўздыхаць? Раней кожнае паважаючае сябе прадпрыемства абавязкова мела свой хор, які трэба было апрануць, сцэну, для якой патрэбна было адзенне. І ўсе гэтыя заказы плылі на камбінат. А потым і грошы за гэтыя заказы плылі. А на рахунак Саюза ішлі сродкі, якія павінны былі накіроўвацца ў бюджэт. Нічога гэтага цяпер няма. Я не скаржуся, не вінавачу некага, я канстатую рэальны факт. Камбінат на рэйках павінны быў перабудоўвацца. Як на рэйках? І рухацца не спыняючыся, і рэйкі сабе для руху класці. І гэта адначасова. Пры такіх умовах як экспрэс не паляціш, аднак рух ёсць. Наша “Эладэя” – звычайнае прадпрыемства лёгкай прамысловасці. Яно сплочвае ўсе, без выключэння, падаткі, ды яшчэ і ўласніка падтрымлівае як можа, як атрымліваецца. Кожны лішні рубель, адлічаны на нашу статутную дзейнасць – гэта звышпадатак, які радасці прадпрыемству ніколі не прыносіць. І трэба дбаць, клапаціцца, каб жыло тое, што нас корміць. З куркі рабай бульён можна зварыць адзін толькі раз, але потым ужо чакаць яек ні залатых, ні простых не выпадае. У зале прысутнічае дырэктар “Эладэі” Валянцін Сцяпанавіч Старухін. Калі ў дэлегатаў будуць да яго нейкія пытанні – калі ласка, ён на іх адкажа. Толькі Валянцін Сцяпанавіч, просьбу адну маю. Калі будзеце выступаць, не грузіце, калі ласка, творчыя галовы лічбамі і тэрмінамі. Ім на спектаклі, на рэпетыцыі, пьесы пісаць, спектаклі ставіць.

Паважаныя дэлегаты і сябры! Наш Саюз жыве. За мінулы тэрмін у Саюз прынята 132 чалавекі, выбыла з Саюза 205. Нехта выехаў за мяжу, некаму Саюз стаў непатрэбны, хтосьці перастаў плаціць, хоць і ўмоўныя, але ўзносы. Некага мы сёння памянулі ў самым пачатку.

На сённяшні дзень наша суполка налічвае 24 пярвічныя арганізацыі, у тым ліку 7 у абласцях. Як бачыце, парытэт па прытоку і адтоку амаль вытрымліваецца. Хаця, трэба прызнацца, даводзіцца чуць (у асноўным у калуарах) заявы кшталту: “А што мне дае гэты Саюз?”, “А навошта ён?”, “А ці не перажытак гэта?”, “А ці не скончылася роля творчых саюзаў?”. І гэтак далей. На гэта можна сказаць толькі адно: кожны вырашае асабіста: патрэбна табе наша творчая суполка – уступай і знаходзься ў ёй, дапамагай ёй жыць, прапаноўвай тое, што лічыш патрэбным, каб ажывіць яе дзейнасць. Не патрэбны табе Саюз – ніхто за вушы не цягне. Плану па колькасці ахопленых тэатралаў няма і ніколі не будзе. Здаецца, вялікая руская актрыса Савіна на пытанне “Навошта ствараецца Усерасійскае тэатральнае таварыства?” (продак і нашага Саюза) адказала: “Для всепомоществования”. Слова настолькі ёмкае, што яго перакладаць не хочацца. Ды і не трэба! Саюз не тэатр, Саюз – гэта сям’я, што аб’ядноўвае тых, хто аддаў свае жыццё Тэатру. Які б ён не быў! Авангардны ці акадэмічны, драматычны ці музычны, прафесійны ці аматарскі. Мы – адной крыві. І пачаткоўцы. І ветэраны. І ў Саюзе пра кожнага з нас помняць. Заўжды помняць і любяць. Тэатр можна змяніць, любоў да Тэатра – нязменная. Всепомоществование – наша вера! Даруйце, на катурны стаў. Ну, я ж таксама тэатрал.

У дзейнасці нашай арганізацыі трэба адыходзіць ад гігантаманіі. У савецкія часы, калі саюзы ствараліся, яна закладвалася і ў мэты творчых арганізацый і ў іх статуты. Усё мы маглі! І фестывалі праводзіць, і навукова-практычныя канферэнцыі ладзіць, і спектаклі ставіць, і выставы рабіць, і кніжкі выдаваць. Карацей кажучы, кожны творчы саюз быў, як бы мовіць, профільным міністэрствам. Міністэрства літаратуры, міністэрства кінематаграфіі, міністэрства тэатра. Гэта можа і надавала значнасць, вартасць, але, будзем шчырымі, трошкі з разраду міфаў і фантазій. Не правядзе наш Саюз (ці любы іншы) фестываль “Славянскі базар”! Для гэтага ёсць спецыяльная Дырэкцыя. Спецыялісты. Можна запярэчыць, успомніць фестываль “Маладзечанская сакавіца”, якую Саюз праводзіў, а цяпер не праводзіць. Дык вось, “Маладзечанскую сакавіцу” праводзіў аддзел культуры Маладзечанскага гарвыканкама. Ініцыятарам гэтага фестываля быў тагачасны Мэр горада Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка. Светлая яму памяць і вечная падзяка ад нас. Ён любіў Тэатр. Ён любіў тых, хто служыць Тэатру.

У Статуце ГА “БСТД” гаворыцца пра мэты і задачы Саюза. Я цытую:

– стварэнне спрыяльных умоў для творчасці дзеячам тэатральнага мастацтва – членам ГА “БСТД”,

– матэрыяльная падтрымка членаў ГА “БСТД”.

Як мне падаецца, Саюзу варта засяродзіцца менавіта на гэтым.

Паўтаруся: Саюз – не Тэатр. Ён не можа вывучыць чалавека на тэатральную спецыяльнасць, не можа даць ролю, паставіць спектакль, напісаць п’есу, прызначаць на пасаду. Параду даць можа (тады, калі спытаюць). І тут хацелася б звярнуцца да Першага намесніка Міністра культуры. Ірына Уладзіміраўна, мы шануем Вашу зацікаўленасць, зацікаўленасць Міністэрства культуры ў тым, каб грамадскасць брала дзейсны ўдзел як дарадчык. Калі прымаюцца важныя дзяржаўныя рашэнні. Ваша “вельмі тэрмінова”, амаль на кожным лісце, заўсёды мабілізуе і дае падставы меркаваць, што грамадскія аб’яднанні патрэбныя. І іх голас чуюць.

Беларускі саюз тэатральных дзеячаў заўсёды трымаў, трымае і будзе трымаць цесную сувязь з нашымі ветэранамі Вялікай Айчыннай. Больш нічога гаварыць не буду, проста пажадаю здароўя

Сіме Лейбаўне Раеўскай,

Анатолю Андрэевічу Дзялендзіку,

Аляксандру Аляксандравічу Салаў’ёву,

Міхаілу Рыгоравічу Солапаву.

Слава Вам!

Саюз ніколі не быў і не будзе ў баку, калі каго-небудзь з нашых калег і сябраў бяда напаткае. Нават у самыя цяжкія часы. Нават пры сціплых магчымасцях. Чым маглі – дапамагалі. Вядома, хацелася б больш быць адзін каля аднаго ў радасці. Ды гэта ўжо як атрымліваецца. Самае галоўнае, што ёсць структура, дзе ты патрэбны, дзе ты важны, дзе ты асаблівы, не зважаючы на тое, што ты ў прафесіі дасягнуў і якімі званнямі абцяжараны. У тэатры ёсць другасныя ролі, аднак няма другасных дзеячаў. Усе мы фрагменты агульнага гарманічнага будынка. Імя яму – Т Э А Т Р. Яму мы аддаем свае жыццё.

Трошкі пра аналітыку і асвятленне дзейнасці нашага беларускага тэатра ў сродках масавай інфармацыі. Хацелася, каб было лепш. Тым больш у часы сучасных тэхналогій. Аднак СМІ больш ахвотна напішуць пра тое, што нейкі дурань зняў штаны на сцэне ў час выступлення поп-зоркі, чым змесцяць рэцензію на спектакль драматычнага тэатра. Час такі і век такі.

Вазьміце ручкі ў рукі і запішыце ў свае блакноты: www.bstd.by. Гэта сайт нашага Саюза. Ён толькі што створаны, толькі што нарадзіўся. На ім будзе размешчана інфармацыя не толькі пра Саюз і яго дзейнасць, але і пра дзейнасць усіх нашых тэатраў. Давайце свае прапановы, што на вашу думку павінна быць на гэтым сайце. У зале знаходзіцца намеснік старшыні Саюза Кірыл Мікалаевіч Скарынін і наш супрацоўнік, вядомы таленавіты журналіст, што піша пра тэатр, Валянцін Аляксандравіч Пепяляеў. Звяртайцеся да іх. Дарэчы, Валянцін Пепяляеў апошнія паўгода плённа піша і друкуе матэрыялы пра тых, хто служыць тэатру. Усе яны зоймуць свае пачэснае месца на нашым сайце. Выкажу ўласную думку. Можна праводзіць кожны тыдзень навукова-аналітычныя пасядзелкі, гаварыць пра стан сучаснага тэатра, потым друкаваць усе гэта, суцяшаць сябе тым, што “напісанае – застанецца”, пакласці ўсё гэта на полку і рыхтавацца да наступнай гаварыльні. Асабіста мне больш цікава, што думаюць пра тэатр, пра сваю прафесію, пра свае жыццё практыкі тэатра Гудзіновіч, Шушкевіч, Кандрусевіч, Кашпераў, Сідаркевіч, Кульбачная…

Шаноўныя дэлегаты, не называю нікога з вас, каб вы не падумалі, што я перад вамі падхалімнічаю.

Карацей, сайт будзе працаваць і будзе запатрабаваны. І аналітычныя артыкулы там абавязкова будуць. Заказаныя і, магчыма, аплочаныя. Калі будзе такая магчымасць.

Колькі слоў пра наш “крышталь”. Нашы вышэйшыя ўзнагароды. Хоць і ёсць выказванні, што гэта “дзяшоўка”, звычайнае шкло, аднак багата якім прэміям я б шчыра пажадаў такой важкасці і каштоўнасці, якой валодаюць нашы прызы “Крыштальная Паўлінка” і “Крыштальны Анёлак”. За яркае, таленавітае жыццё ў тэатры, і ў тэатры лялек. Каштоўнасць прыза залежыць не ад каштоўнасці самога прыза, а ад вартасці таго, хто гэты Прыз атрымлівае. На ўскідку па памяці, каго ўспомню, “Крыштальная Паўлінка”: Барысёнак, Ткачонак, Ніжнікава, Станюта, Чарнабаеў, Гарбук, Аўсяннікаў, Раеўскі, Гайда, Герлаван, Давідовіч, Захарэвіч, Янкоўскі, Елізар’еў… “Крыштальны Анёлак”: Уласаў, Пражэева, Жугжда, Грамовіч, Мікуліч, Рыхтар…

Даруйце, каго не назваў. І адно рытарычнае пытанне: у каго-небудзь могуць узнікнуць пытанні да гэтых ці да такіх імёнаў? Радасна, што багата яшчэ творчых тэатральных асоб, якія гэтыя Прызы яшчэ не атрымалі. Аднак, атрымаюць! З цягам часу. Багата, хто з іх сядзіць у гэтай зале. І сярод дэлегатаў. А вось цяпер ужо непрыкрыта падхалімнічаю.

Многія з вас былі на нашым традыцыйным свяце – Дне Тэатра. Нагадаю: на адну з нашых узнагарод – Прыз “Крыштальная Зорка” – сёлета было 18… 18(!) прэтэндэнтаў. Тайным галасаваннем Прыз быў прысуджаны Валерыю Шушкевічу. Ён у зале. Валеры Мікалаевіч, прыміце яшчэ раз нашы віншаванні. А мне дазвольце цяпер ужо і паліберальнічаць: не магу з упэўненасцю сказаць, што я тайна галасаваў менавіта за Вас, можа і за каго іншага з прэтэндэнтаў. Аднак большасць прагаласавала за Вас. З чым Вас і віншую.

Доўгія гады, нават дзесяцігоддзі, БСТД разам з Міністэрствам культуры штогод адзначала нашых таленавітых тэатральных дзеячаў імяннымі тэатральнымі прэміямі. Гэта было сапраўднае, дзейснае супрацоўніцтва дзяржаўнага органа і грамадскага аб’яднання. Асабіста мне шкада, што яно ў мінулым. Усе імянныя прэміі арганічна пераліліся ў адну Нацыянальную тэатральную прэмію, што даецца раз на два гады. Яшчэ раз кажу, шкада. Штогод з розных сцэн гучалі імёны Ларысы Александроўскай, Яўгена Міровіча, Дуніна-Марцінкевіча, Любові Мазалеўскай, Кандрата Крапівы. Уручаліся прэмія і прыз “Натхненне”, заснаваны БСТД. Імянные прэміі перайшлі ў Нацыянальную тэатральную, а Прыз “Натненне” застаўся. Аднак было зменена Палажэнне, і Прыз “Натхненне” цяпер уручаецца таленавітым арганізатарам тэатральнай справы. Іх, дзякую Богу, у нас таксама багата. Мяркуйце самі: Герасімовіч, Козак, Клімакоў, Шавель, Дашкевіч, Рылатка… Гэта толькі тыя, што прызы ўжо маюць. І ўручацца гэты Прыз будзе на Нацыянальнай тэатральнай прэміі! Разам з іншымі ўзнагародамі.

Паважаныя дэлегаты, ганаровыя госці З’езда! Як гэта не празаічна гучыць, аднак кожнае мерапрыемства вымагае сродкаў. Калі іх няма – гэта проста сатрасенне паветра. Хоць і салодкае. Тую ж няшчасную паштоўку, каб паслаць – трэба купіць. Можа некаму яна і непатрэбная, а нехта праз гэту паштоўку палічыць, што жыццё прайшло не дарма. Гэта я «не для красоты слога» сказаў. Вопыт маю.

І ў нашым жыцці, у нашай дзейнасці часцей трэба ўспамінаць Савінаўскае “всепомоществование” і менш спадзявацца на начальства. Я і сябе да гэтай кагорты прыпісваю. Прывяду прыклад. Адзін з нашых калег трапіў, як цяпер кажуць, у складаную жыццёвую сітуацыю. Захварэў. Старшыня пярвічкі звярнуўся ў Саюз за дапамогай. Магчымасць на той час была. Кажам, хай напіша заяву. Цяжка, чалавеку, не можа заяву напісаць. Добра, напішы заяву ты, а БСТД пералічыць грошы на ягоную картачку. А ён і картачкай карыстацца не можа. Дрэнна чалавеку! Ну, што было рабіць? Бухгалтэрыя – дама строгая, асабліва ў цяперашніх умовах. Тады старшыня піша заяву на самога сябе, атрымлівае грошы на самога сябе, траціць іх на дапамогу старэйшаму калегу і нават справаздачу хацеў здаваць. Прозвішчы гэтых людзей ведаю, але не называю свядома. Па-першае, не ўпаўнаважаны, а па-другое, а нічога тут асаблівага апроч савінскага “всепомоществования” не было. Аднак, як працуе гэты старшыня пярвічкі, трэба працаваць нам усім. Тады будзе плён.

Наш Саюз ужо даўным-даўно штомесяц выплочвае сваім членам Стыпендыю пад гучнай назвай “Тэатральная дынастыя”. Гэта павінна быць тэатральная сям’я, што складаецца не менш чым з 3-х чалавек, што служылі і служаць Тэатру. Выплочваем мы яе, дзякуй Богу, і сёння. Зноў-такі, дзякуй Богу, ёсць прэтэндэнты і на заўтра. Чаму на заўтра? Узростам не дараслі. Нехта з сям’і і па палажэнні павінны мець 60 гадоў. Пакуль не маюць. Але гэта пройдзе. Па сабе ведаю. Стыпендыя не такая ўжо і вялікая, але… гэта зноў-такі савінскае “всепомоществование”. Наша мэта: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці і памяці тых, хто аддаў свае жыццё Тэатру. А яго аддалі: Ржэцкая, Глебаў, Рахленка, Макарава, Малчанаў, Аляксеева, Тарасаў, Говар-Бандарэнка, Лебедзеў, Міша Пятроў… Толя Жук…

Перапрошваю за Мішу і Толю, я з імі разам выхадзіў на сцэну.

Сябры! Усё не ахапіць і ўсяго не сказаць, што хацелася б і што было. Мяркую, што ў выступленнях, рэпліках з’явяцца нейкія пытанні, на якія з радасцю гатовы адказаць. Калі з’явяцца – задавайце, калі ласка. Ці вусна, ці пісьмова.

Дзякую за ўвагу.

Як кажуць ваенныя: доклад окончен!

А як павінны казаць мы, творцы Тэатра:

Будзьма разам!

Будзьма верыць во «всепомоществование».

Дзякую.

Аляксей Дудараў

Тэатры