Аляксей Дудараў: Спажывецкую філасофію трэба выкараняць!

944 праглядаў

   Рупліўцы -- на сцэну!

7 чэрвеня адзначыў 75-годдзе Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, які вядзе свой слаўны радавод ад Беларускага тэатральнага таварыства, заснаванага ў 1946 годзе легендарнай народнай артысткай СССР Ларысай Александроўскай. БСТД — адно з самых аўтарытэтных грамадскіх аб’яднанняў у творчай галіне Беларусі.


На сёння ў ім існуе 24 першасныя арганізацыі, у тым ліку 7 абласных. Сярод членаў саюза — народныя і заслужаныя артысты, дактары мастацтвазнаўства і філасофіі, лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне» і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

БСТД робіць сёння шмат карыснага: падтрымлівае ветэранаў сцэны, віншуе тэатральных работнікаў з прафесійнымі святамі, ладзіць з гэтай нагоды нефармальныя сустрэчы, папулярызуе і падтрымлівае таленавітых творцаў са сталіцы і рэгіёнаў, іх спектаклі і творчыя пошукі ў вядучых СМІ і на сваім сайце bstd.by, выплачвае стыпендыі «Тэатральная дынастыя» прадстаўнікам вядомых беларускіх тэатральных і творчых сем’яў.

Кожны год БСТД вызначае найлепшых у прафесіі і ўручае свае прызы. У 2020-м з-за пандэміі ўзнагароды не былі ўручаны, але ўсе яны — «Крыштальная Паўлінка», «Крыштальны анёлак» і астатнія — дачакаюцца сваіх уладальнікаў. Ды і наогул, БСТД падтрымлівае ў тэатральнай супольнасці дух таварыства і творчасці, нагадваючы, што тэатральную справу лепш рабіць талакой. Таму пры саюзе існуе савет, у які ўваходзяць вядучыя тэатральныя дзеячы краіны.

Пра сённяшнія перспектывы тэатральнага саюза, яго клопаты і турботы «ЛіМ» запрасіў паразмаўляць яго старшыню, вядомага драматурга Аляксея Дударава.

— Аляксей Ануфрыевіч, як сябе адчувае сёння БСТД у параўнанні з іншымі творчымі саюзамі? Здаецца, ён не ў горшай форме?

— Наш саюз, як і іншыя беларускія творчыя суполкі, знаходзіцца ў тых жа самых умовах, што і грамадскія аб’яднанні. А іх у нас больш за тры тысячы. Безумоўна, некалі мы былі на асобым рахунку і ў дзяржавы, і ў грамадства, але тыя часы прайшлі. Калі Ларыса Пампееўна Александроўская арганізоўвала Беларускае тэатральнае таварыства, грамадства да творцаў ставілася інакш. На маю думку, сёння трэба з розумам выкарыстоўваць тое, што маем, што зрабілі да нас нашы папярэднікі. На магу сказаць, што мы «праядаем» зробленае да нас, гэта не зусім так. Нашы думкі — як рупліва размяркоўваць назапашанае, каб гэта прыносіла хоць бы мінімальны прыбытак, які можна выдаткоўваць на статутную дзейнасць. Напрыклад, для нас як для грамадскага аб’яднання было ўжо непад’ёмна ўтрымліваць у саюзе пансіянат «Тэатральны», ды яшчэ выдаваць па нармальным кошце туды пуцёўкі. Дзякуй Богу, што дзяржава ў нас яго набыла, і цяпер там створаны ўмовы для іншых людзей сталага веку, якія добра папрацавалі. Пансіянат не прапаў, ён уладкаваны. Але такі груз быў бы не пад сілу і камерцыйным аб’яднанням. А наш саюз — структура зусім не камерцыйная, і камерцыйнай дзейнасцю мы не займаемся.

— Прабачце, але часам складваецца ўражанне, што нашы творцы так і засталіся па сваім светапоглядзе ў мінулым і бясконца настальгіруюць і па халяве, і па савецкім перыядзе.

— Няма таго, што раньш было. Мне, можа, таксама хочацца вярнуцца ў мінулае. Па-першае, таму што быў тады маладзейшы, па-другое, у савецкі час ствараліся мастацкія творы, а не прадукцыя. Сёння ў літаратурным асяродку ёсць свая канкурэнцыя. Усе грамадскія аб’яднанні існуюць у роўных умовах. Напрыклад, аб’яднанне «Ахова птушак ацькаўшчыны» займаецца вельмі добрай справай. Чым яна горшая за БСТД? Нічым. Наадварот, я не магу ўявіць краявіды Беларусі без бусла ці чаплі.

— Можна сказаць, што БСТД у тым ці іншым выглядзе займаецца аховай тэатральнага асяродка і яго насельнікаў?

— Гэта проста прыгожыя словы. Насамрэч робім тое, што ў нашых сілах. Але калі, напрыклад, з нейкім артыстам ці артысткай у тэатры не працягваюць кантракт… Што можа зрабіць тэатральны саюз? Нічога. Ён і не павінен нічога рабіць, таму што вырашаць, каму працаваць ці не працаваць у тым ці іншым тэатры — справа дырэктара і мастацкага кіраўніка. Калі яны не бачаць акцёра ў трупе — прабачце, мы нічога не зробім. Я ж не павінен тэлефанаваць галоўнаму рэжысёру: ён мяне пашле і будзе мець рацыю. І ва ўсім астатнім так.

— Але ўсё ж такі саюз можа ўплываць на наш тэатральны кантэкст: кожны год ён раздае свае прызы да Міжнароднага дня тэатра, адзначае найлепшых… Існуе і працуе Савет БСТД. Хто, дарэчы, там у складзе?

— Уключаючы мяне, нас дзевяць чалавек. Гэта Валянцін Елізар’еў, Эдуард Герасімовіч, Наталля Гайда, Аляксандр Кашпераў і іншыя дзеячы. Па статуце савет збіраецца два разы на год, але апошнім часам, у сувязі з пандэміяй, усе пытанні мы вырашалі ў дыстанцыйным фармаце — рассылалі лісты з апытаннем па пошце. Статут дазваляе такое рабіць. Каму ўручаць нашы прызы «Крыштальную Паўлінку», «Крыштальны анёлак» і іншыя, каму прысудзіць нашу стыпендыю «Тэатральная дынастыя», мы вырашаем толькі калегіяльна.

— Ці падтрымлівае Беларускі саюз тэатральных дзеячаў стасункі з расійскімі калегамі?

— Мы сябруем з Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў і яе кіраўніком, генеральным дырэктарам Міжнароднага тэатральнага Чэхаўскага фестывалю Валерыем Шадрыным.

— Аляксей Ануфрыевіч, а калі параўноўваюць ваш саюз з расійскім і разнастайнай дзейнасцю яго кіраўніка Аляксандра Калягіна, што адказваеце?

— Усё залежыць ад фінансаў. Можна, напрыклад, параўнаць заробак артыстаў нашых тэатраў і артыстаў «Камедзі Франсэз». Нешта мне падказвае, што ў «Камедзі Франсэз» заробак большы. Што з таго? Гэта ўсё роўна, што ўсё жыццё жыць і зайздросціць свайму суседу, які два разы на год ездзіць на Канары. У яго такая сям’я і такія магчымасці, а ў цябе — свая сям’я і свае фінансы. На кожным з’ездзе я чую папрокі на гэты конт. Мне здаецца, што жыць трэба сваім розумам і гэтую спажывецкую філасофію выкараняць. Дзяржава нам нічога не павінна. Калі ласка, падавайце заяўкі на стажыроўкі і майстар-класы ў расійскі ці яшчэ які саюз. Уся інфармацыя ў наш час ёсць у інтэрнэце. Асабліва дзіўна чуць мне прэтэнзіі ад маладых акцёраў ці рэжысёраў, якія яшчэ ніякім чынам не праявілі сябе ў прафесіі.

— Кажуць, што ў творчасці ўвогуле надышоў час адзіночак і грамадскія аб’яднанні не патрэбны?

— Калі хтосьці хоча так думаць, я не магу яму гэта забараніць. На мой погляд, гэта не так. Любы творчы саюз дае ўпэўненае адчуванне сябе ў прафесійнай супольнасці, дае магчымасць набыць прафесійныя і чалавечыя кантакты, сустрэць аднадумцаў і апанентаў, пасябраваць ці паспрачацца з імі. Як мы зразумелі ў пандэмію, чалавечыя зносіны — адна з самых вялікіх каштоўнасцей, нягледзячы ні на якія тэхналогіі. Па маім адчуванні, творчыя перспектывы ў нашага саюза ёсць, да нас прыходзіць тэатральная моладзь, якая цікавіцца не грашыма, а тэатрам. І дзякуй Богу.

— Чытачам «ЛіМа», напэўна, будзе цікава даведацца і пра навіны Аляксея Дударава як драматурга? Хутка ў вас прэм’ера ў Коласаўскім тэатры?

— Так, 24 і 29 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску пройдзе прэм’ера спектакля «Пёс Белага вострава» па маёй аднайменнай п’есе. Рэжысёрам стала Святлана Навуменка. Гэта яе другая пастаноўка па названай п’есе (першы спектакль з поспехам прайшоў у Мінску на сцэне Новага драматычнага тэатра). З аднаго боку, гэта гісторыя пра тэатральнае закуліссе, а з іншага — пра чалавечыя мары і надзею.

З віцебскім тэатрам у мяне шматгадовае плённае супрацоўніцтва. Тут у розныя гады ішлі амаль усе мае п’есы. І «Вечар», і «Парог», і «Радавыя». За «Вечар» тэатр атрымаў Дзяржаўную прэмію… Вельмі дарагая для мяне сцэна. З поспехам ідзе драматычная балада «Не пакідай мяне...», прэм’ера якой адбылася ў 2015 годзе.

— Па вашым адчуванні, якое становішча ў беларускім тэатральным працэсе?

— Складанае. Творцам цяжка, як і ўсім. Трэба выжываць.

— Нацыянальная тэатральная прэмія зноў будзе выбіраць найлепшых…

— І гэта выдатна!

— На мінулай вы ўзначальвалі прафесійнае журы. Якія ўражанні засталіся?

— Не адчуў, што беларускі тэатр у росквіце. А ты, дарэчы, адчуў?

— Не, але адчуванне творчага пошуку было.

— Пошук — іншая справа. Пошук на тое і пошук, што можна іншым разам пайсці не туды, і не туды зазірнуць, і не тое зрабіць, але потым усё роўна вярнуцца на патрэбны кірунак. Для мяне як для драматурга любы твор сапраўдны, калі ў ім ёсць спачуванне чужому болю, і абавязкова перспектыва. Дасканалы ён ці не — справа дзясятая. Але боль павінен быць! Такі, які быў у п’есах Купалы, Коласа, Крапівы, Макаёнка, Дзялендзіка, Матукоўскага, Петрашкевіча, у п’есах ваша пакорнага слугі «Парог», «Вечар», «Радавыя». Без болю за чалавека, яго лёс, яго сусвет мастацтва няма.

Гутарыў Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ, спецыяльна для"ЛіМа". 

Тэатры