Авацыі ад дзяцей

253 Views

Куды схадзіць з маленькім тэатралам?

Звадзіўшы аднойчы трохгадовага сына на спектакль па матывах папулярнага “Шчанячага патруля”, не перастаю чуць цяпер: “Мама, а пайшлі ў тэатр!” Шчыра прызнацца, на тое і разлічвала, калі выбрала для знаёмства малога з новым відам мастацтва яго вядомых і любімых персанажаў. Аднак падобныя камерцыйныя праекты добрыя толькі для пачатку. Развіць жа мастацкі густ і пачуццё жанру могуць толькі паўнавартасныя тэатры. Можна пачаць з кароткіх пастановак, зноў жа са знаёмымі персанажамі кшталту “Доктара Айбаліта” і “Трох парасят”, а затым паступова перайсці на больш доўгія і сур’ёзныя. Сучаснаму тэатру ёсць што прапанаваць юнаму гледачу. Прычым некаторыя пастаноўкі здольныя здзівіць і дарослых. А мы ў сваю чаргу прапануем вам пазнаёміцца з найбольш цікавымі дзіцячымі спектаклямі з рэпертуару беларускіх тэатраў.

“Беласнежка”

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ТЭАТР ЛЯЛЕК

Фота Станіслава Вігдорчыка, Крыніца Народная Газета

Хто не ведае казку братоў Грым пра дзяўчыну “белую, як снег, румяную, як кроў”? Не адно стагоддзе гісторыя “Беласнежкі і сямі гномаў” перадаецца з вуснаў у вусны, набываючы ўсё новыя прачытанні. Свежае бачанне знакамітай казкі прадстаўляе на сцэне тэатра лялек Ігар Казакоў, вядомы як у Беларусі, так і за мяжой сваімі нетрывіяльнымі пастаноўкамі. У версіі Казакова, а таксама яго калег мастака Таццяны Нерсісян (лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі і расійскай “Залатой маскі”) і кампазітара Аляксандра Літвіноўскага гісторыю пра Беласнежку расказваюць самі гномы, прычым дзеянне разварочваецца ва ўмовах “тэатр у тэатры”. Гледачы становяцца ўдзельнікамі сапраўднага сярэдневяковага прадстаўлення, у якім ёсць месца і гумару, і танцам, і песням, і нават страшылкам. “Беласнежка” Ігара Казакова — гэта, бясспрэчна, той варыянт, калі цікава будзе нават дарослым.

“Лятучы карабель”

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АКАДЭМІЧНЫ МУЗЫЧНЫ ТЭАТР

Мультфільму Гары Бардзіна без малога сорак гадоў, а песні “Я водяной, я водяной”, “Ах, если бы сбылась моя мечта” і іншыя з радасцю спяваюць нават сучасныя дзеці. Паспрабуйце паказаць малым гэты мульцік — і пра “Свінку Пепу” забудуць на час. Тым не менш рэжысёр-пастаноўшчык Валерыя Чыгілейчык, якая выступіла яшчэ і аўтарам лібрэта, дадала ў новы мюзікл шмат сучасных рэалій. Да прыкладу, ваявода Палкан спявае песню Стаса Міхайлава, а Вадзяны выступае ў ролі бармена рэстарана на балоце. Напэўна, дзецям такія сучасныя асаблівасці патрэбны — мы не можам заставіць іх любіць выключна тое, што падабалася толькі нам. Мюзікл “Лятучы карабель” у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — мікс сучаснага і класічнага, які павінны ацаніць прадстаўнікі розных пакаленняў.

“Вялікі тэатр — дзеям”

НАЦЫЯНАЛЬНЫ АКАДЭМІЧНЫ ВЯЛІКІ ТЭАТР ОПЕРЫ І БАЛЕТА

У рэпертуары тэатра ёсць некалькі опер для маленькіх гледачоў. Але, скажам шчыра, пастаноўкі гэтага жанру нават і з дзіцячым зместам не самыя простыя для ўспрымання юнымі тэатраламі. Аднак ёсць у Вялікага тэатра праект, які дакладна зойдзе малым. Лёгкія, цікавыя і пазнавальныя інтэрактыўныя праграмы здольныя заразіць “вірусам” прыгожага дзяцей самага рознага ўзросту. Падчас праграмы, якая працягваецца 1,5 гадзіны, малым прапануюць убачыць тэатральнае закуліссе, прымерыць касцюмы са спектакляў, здзівіцца разнастайнасці бутафорскага рэквізіту, пабываць на рэпетыцыі ў велізарным маляўнічым цэху. Асобны пункт — наведванне Камернай залы, дзе перад маленькімі і вялікімі гледачамі выступаюць іх любімыя героі з дзіцячых опер: спяваюць, танцаваць, загадваюць загадкі, праводзяць віктарыны, за якія можна атрымаць прыемныя прызы. Інтэрактыўныя праграмы для дзяцей Вялікі тэатр праводзіць штодня па папярэднім запісе.

“Незямныя прыгоды”

ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ТЭАТР ЛЯЛЕК

Кожны з бацькоў ведае, як дзеці не любяць, калі іх вучаць правілам паводзінаў. Ды што там, нават дарослыя не гатовы цярпець, калі ім чытаюць мараль. А што калі карысную інфармацыю даваць у цікавай займальнай форме? Гродзенскі абласны тэатр лялек паспрабаваў і, здаецца, у яго гэта атрымалася. “Незямныя прыгоды” — сумесны праект тэатра і абласнога ўпраўлення МНС. Спектакль расказвае пра маленькага хлопчыка, які прыляцеў з далёкай планеты. Ён вельмі не любіць правілы, а таму раз за разам трапляе ў надзвычайныя сітуацыі. Аўтары “Незямных прыгод” (напісаў п’есу Данііл Жугжда, паставіў малады рэжысёр Валерый Карышаў) упэўненыя: убачыўшы, якія беды здараюцца з героем, калі ён не выконвае правілы бяспекі, маленькія гледачы зразумеюць, што і чаму нельга рабіць.

“Па шчупаковым загадзе”

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР

Бывае, пытаеш у дзіцяці, якая казка яму падабаецца больш за ўсё, а ён вызначыцца не можа — і тыя героі блізкія, і гэтыя. Для тых, хто сумняваецца, Магілёўскі абласны драматычны тэатр і, ў прыватнасці, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Лашыцкі падрыхтавалі ў канцы мінулага года казачны атракцыён “Па шчупаковым загадзе”. Спектакль па п’есе Лізаветы Тарахоўскай аб’яднаў усе самыя папулярныя рускія народныя казкі — “Па шчупаковым загадзе”, “Царэўна Несмяяна”, “Танцавальная гармонь”, “Гуслі-самаграі”, “Ямеля-дурань” і іншыя. Пастаноўку вызначае не толькі хуткая змена дзеянняў, багацце яркіх персанажаў, гумар і весялосць, але і адметная музыка, якую спецыяльна да пастаноўкі напісаў індзі-рок-гурт ili-ili, заснавальнікамі якога з’яўляюцца артысты Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч.

“Прыгоды Чыпаліна”

НАЦЫЯНАЛЬНЫ АКАДЭМІЧНЫ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА

Казка пра адважнага хлопчыка-цыбуліну вядома і дзецям, і дарослым. Чыпаліна не баіцца казаць праўду і змагаецца за справядлівасць. Але аднаму перамагчы сытых і задаволеных сабой сіньёра Памідора, графінь Вішняў і прынца Лімона зусім няпроста. Таму Чыпаліна збірае вакол сябе цэлую каманду надзейных сяброў — Радыску, Сунічку, графа Вішаньку і іншых. Спектакль, пастаўлены Ірынай Цішкевіч, напоўнены танцавальнымі нумарамі, вясёлымі песнямі, яркімі дэкарацыямі і каларытнымі касцюмамі. Юны глядач трапіць у прыгожую маляўнічую казку.

Міла Кавалёва

Крынiца: Народная Газета

https://www.sb.by/articles/avatsyi-ad-dzyatsey.html

Theaters