Як інтэрпрэтаваць мінулае, каб расказаць рамантычную гісторыю
Мы чакалі ад тэатра оперы і балета чыста беларускай пастаноўкі і дачакаліся «Анастасіі» — страшна прыгожага двухактовага балета пра Анастасію Слуцкую, татарскія напады і каханне. Музыка Вячаслава Кузняцова, лібрэта Анатоля Дзялендзіка (аўтара сцэнарыя кінафільма «Анастасія Слуцкая»), харэаграфія Юрыя Траяна і эпізод з беларускай гісторыі, які мы мала ведаем, таму можам па-рознаму абыгрываць, увасобіліся ў новай пастаноўцы Вялікага.
Тэатр, бывае, папракаюць у тым, што айчыннага прадукту ў ім не знойдзеш днём з агнём. Пакуль на яго сцэне спявае Кармэн і танцуе Жызэль, да беларускага гэта мае дачыненне толькі творчым складам каманды, што працуе над пастаноўкамі. Балет «Анастасія», што звяртаецца да ХVІ стагоддзя ў нашай гісторыі і жыцця вымушанай быць моцнай, каб абараніць сваіх дзяцей і горад, жанчыны, нейкім чынам запаўняе прабел у рэпертуары. Па-першае, праз гісторыю беларускай зямлі, па-другое, праз матэрыял беларускіх творцаў.
Вытанчанымі рухамі пад вартую асобнай увагі музыку Вячаслава Кузняцова артысты балета расказваюць гісторыю галоўнай гераіні: Анастасія мае пэўныя пачуцці да князя Міхаіла Глінскага, ці то ў сне, ці то насамрэч, але выходзіць замуж за выбранага бацькам Сямёна Алелькавіча. Саюз падмацоўваецца сапраўдным каханнем і абарочваецца сямейнай ідыліяй з дваімі дзеткамі, але жыццё князя Сямёна мусіць перарвацца праз раптоўны напад Хана Ахмата і яго дачкі Заіры. Апошняя хітрым і несправядлівым ударам нажом у спіну забівае князя, а Анастасія ў сетцы аказваецца падарункам Міхаілу Глінскаму. Другі акт аддадзены іх стасункам: Анастасія праганяе Міхаіла, а ён выратоўвае яе падчас чарговага нападу татар.
У выпадках работы з такімі малавядомымі перыядамі застаецца шмат прасторы для аўтарскіх варыяцый і спакусы іх рамантызацыі. Што стала і з гісторыяй пра Анастасію Слуцкую: гістарычны фон з'яўляецца толькі кантэкстам, што рухае сентыментальны сюжэт і праяўляе герояў. Беларуская праваслаўная зямля церпіць ад вераломства іншаверцаў, але галоўнае тут усё ж любоўны трыкутнік — цудоўны саюз Анастасіі з Сямёнам, каб аб яго смерці больш перажывалі, цвёрдасць духу галоўнай гераіні, якая не прымае Міхаіла Глінскага, і ўчынак апошняга, ад рамантычнасці якога сэрца можа спыніцца, калі ён нягледзячы ні на што выратоўвае Анастасію і яе горад ад ліхадзеяў-татар.
Другі раз запар — мы памятаем пастаноўку «Саламея», прэм'ера якой пераносілася быццам з-за скаргі вернікаў — Вялікі тэатр расказвае гледачам пра жыццё рашучай, моцнай, смелай жанчыны, што аддана кахае, заварочвае свет вакол сябе і рухае гісторыю. Прычым расказвае з мінімалісцкімі, але шматграннымі дэкарацыямі, лёгкімі сукенкамі і сабалямі на плячах, энергічным Ханам Ахматам, хітрым выгінаннем Заіры, настойлівым збіраннем войска Анастасіяй.
Напэўна, ёсць у пастаноўцы рэверанс у бок праваслаўя, якое маецца на ўвазе ў дэкарацыях і палымяных зваротах Анастасіі да Бога ў цяжкую хвіліну. Ну і нічога, каб не абсалютныя злачынцы без прынцыпаў татары, хаця ў цэлым балет пазбегнуў спрошчаных абсалютаў, маўляў, калі каханне, дык назаўсёды, калі ты моцная, дык усіх пераможаш. Ёсць тут нават са зваротам да гісторыі адначасовае яе адмаўленне, таму што яна служыць толькі нагодай расказаць пра каханне (ці каханні), у якое можна як мага больш дадаць ад сябе.
Але музыка, мова цела (усё ж балетнае мастацтва — вялікае) і незалежны шматок беларускай зямлі — у прэм'ернай пастаноўцы тэатра оперы і балета. Дакладна (калі не шукаць паўтораў і нестыковак) новы беларускі праект Вялікага, які перанёс нашае ХVІ стагоддзе на сцэну, паказвае, што зварот да гісторыі можа даць бездань магчымасцяў для стварэння відовішчнага балета.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Фота Андрэя САЗОНАВА
Крынiца: Газета Звязда
http://www.zviazda.by/be/news/20181102/1541171329-belarus-hvi-stagoddzya-na-scene-vyalikaga-teatra