Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” Белдзяржфілармоніі зарыентаваны на служэнне хрысціянскім духоўным каштоўнасцям, захаванне маральна-этычных вартасцяў і ідэалаў беларускага народа. Асноўная рэпертуарная лінія тэатра – папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў і класікаў сусветнай літаратуры. Усе спектаклі тэатра ідуць выключна на беларускай мове. Культура сцэнічнай мовы, роднае слова як безумоўная каштоўнасць – галоўнае крэда тэатра і яго заснавальніка, дырэктара і мастацкага кіраўніка Галіны Аляксееўны Дзягілевай.
Тэатр “Зніч” створаны ў 1989 г. пры Белдзяржфілармоніі. Гэта адзіны ў Беларусі тэатр монадрамы. Монаспектакль – вельмі складаная і рэдкая тэатральная форма, што вымагае ад артыста-выканаўцы ўсіх дзеючых асоб спектакля выключнага ведання матэрыялу і віртуознага таленту пераўвасаблення. Таму з тэатрам супрацоўнічаюць вядучыя майстры беларускай сцэны, артысты вядомых мінскіх тэатраў, лепшыя беларускія рэжысёры, сцэнографы і кампазітары.
У рэпертуары тэатра “Зніч” каля 20 спектакляў класічнага і сучаснага напрамку (паэтычныя, драматычныя, лялечныя і монаопера), пастаўленых паводле твораў беларускай і сусветнай класікі, разлічаных на рознаўзроставую глядацкую аўдыторыю: па творах Я.Купалы і Я.Коласа, А.Пушкіна, А. дэ Сент-Экзюперы, М.Багдановіча, Зм.Бядулі, Ул.Караткевіча, Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, Н.Мацяш, Я.Янішчыц, А.Вольскага і інш., а таксама тэатральна-канцэртныя праекты: “Час і Постаці” да 100-годдзя М.Танка, “І сэрцу, і душы…” да 100-годдзя С.Грахоўскага, “Я – Літвін” да 190-годдзя Ул.Сыракомлі. Тэатр таксама практыкуе абанементную сістэму паказу тэматычных спектакляў, адрасаваных юнацкай і дзіцячай аўдыторыям, арганізуе спектаклі-сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, дзеячамі культуры і мастацтва. За адзін тэатральны сезон “Зніч” прапануе гледачам больш за 100 спектакляў.
Актыўны ўдзел тэатр “Зніч” бярэ ў міжнародным тэатральна-культурным жыцці. З гастролямі ён наведаў Расію, Украіну, Польшчу, Германію, ЗША, Латвію, Эстонію, Літву і інш. краіны. “Зніч” годна прадстаўляе айчыннае мастацтва на беларускіх і замежных міжнародных тэатральных фестывалях, з’яўляецца неаднаразовым лаўрэатам і пастаянным удзельнікам штогадовых філарманічных міжнародных музычных фестываляў “Мінская восень” і “Мінская вясна”, тэатральнага фестывалю “Студыйныя каляды”, міжнародных фестываляў “Залаты віцязь”, “Белая вежа”, “Лістапад”, “МіМоКі”, міжнародных фестываляў монаспектакляў “Я”, “Відлунне”, “Марыя” і інш.
Тэатр “Зніч” на чале з Галінай Дзягілевай стаў аднім з самых вядомых творчых калектываў Рэспублікі Беларусь. За гады сваёй дзейнасці ён заваяваў любоў і павагу айчыннага і замежнага гледача. Творчасці тэатра прысвечана больш 250 артыкулаў у СМІ і аналітычных мастацкіх выданнях. Інфармацыя пра тэатр змешчана ў трох энцыклапедыях: “Тэатральная Беларусь” (2002), “Сучасная Беларусь” (том 3 “Культура і мастацтва”, 2007), “Культура Беларусі” (2010).
З 1995 г. стацыянарная сцэнічная пляцоўка тэатра “Зніч” знаходзіцца ў памяшканні Культурнага цэнтра Касцёла Святога Сымона і Святой Алены. Урачыстыя прэм’ерныя і абанементныя спектаклі праходзяць у Вялікай канцэртнай зале і Малой зале імя Р.Шырмы Белдзяржфілармоніі.
Акрамя творчых, тэатр вырашае выключныя эстэтычныя і культурна-асветніцкія задачы, накіраваныя на выхаванне гарманічнай асобы – чалавека, здольнага разумець, адчуваць і любіць сваю родную беларускую мову, сваю краіну – Беларусь.
КАНТАКТНАЯ IНФАРМАЦЫЯ
Офіс (паштовы адрас): 220050, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 50, каб. 323
Пляцоўка: тэатральная зала Культурнага цэнтра Касцёла Cв. Сымона і Cв. Алены, г. Мінск, вул. Савецкая, 15 (пл. Незалежнасці)
Сайт тэатра: http://www.philharmonic.by/philharmonic/collectives/40-znich.html