Беларускі тэатр «Лялька»

2684 праглядаў

Тэатральна-відовішчная ўстанова “Беларускі тэатр “Лялька””

Тэатральна-відовішчная ўстанова “Беларускі тэатр “Лялька””Беларускі тэатр "Лялька" заснаваны ў 1985 годзе пры Беларускім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Першы спектакль («Дзед і Жораў» паводле п'есы В. Вольскага) быў адыграны 20 красавіка 1986 года. Гэты дзень традыцыйна святкуецца як Дзень Беларускага тэатра "Лялька". У 1986 годзе на фестывалі ў г. Гродна спектакль «Дзед і Жораў» быў удастоены прыза глядацкіх сімпатый.

У 1990 годзе лялечная трупа вылучылася ў самастойны калектыў з асобным будынкам у цэнтры горада - помнікам архітэктуры ХIХ стагоддзя.

За высокія дасягненні ў тэатральным мастацтве ў 2000 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Спектаклі ТВУ Беларускі тэатр "Лялька" нязменна высока ацэньваюцца крытыкамі і гледачамі.

За гады творчай дзейнасці тэатр пабываў у многіх краінах свету, такіх як Францыя (ў 1997 годзе спектакль «Дзед і Жораў» артысты ігралі на французскай мове), Германія (ў 1995 годзе спектакль «Дапытлівы Слонік» быў адыграны на нямецкай мове), Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Балгарыя, Іран, Турцыя, Егіпет, Туніс, Сербія, Харватыя, Чарнагорыя, Фінляндыя. Калектыў мае шэраг прэстыжных прэмій, прысвоеных на міжнародных фестывалях у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Усяго "Лялька" прыняла ўдзел больш як у 70 міжнародных тэатральных фестывалях.

Агульны творчы напрамак можна ахарактарызаваць як эстэцкі тэатр-свята. У пастаноўках выкарыстоўваюцца, часта камбінуючыся ў межах аднаго спектакля, лялькі ўсіх распаўсюджаных тыпаў. Музыку да спектакляў спецыяльна пішуць вядучыя беларускія кампазітары.

Спектаклі ідуць на беларускай мове.

Рэпертуар налічвае 36 спектакляў, 28 з якіх адрасаваныя дзецям розных узростаў, а 8 - даросламу гледачу.

Артысты «Беларускага тэатра " Лялька " рэгулярна рыхтуюць святочныя мерапрыемствы для гараджан.

Свята «Лялькі» традыцыйна праводзіцца ў другой палове красавіка з запрашэннем цікавых замежных калектываў лялечнікаў. На працягу некалькіх гадоў у межах Міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску» дзейнічае «Лялечны квартал», куды таксама запрашаюцца паспяховыя замежныя тэатральныя калектывы.

Тэатр з'яўляецца таксама пляцоўкай для творчага самавыяўлення школьнікаў і дарослых: рэгулярна праводзяцца канцэрты выхаднога дня, а таксама спецыяльныя праграмы-бонусы перад спектаклямі для дарослых, літаратурныя і мастацкія конкурсы сярод гледачоў і інш.

 

Кантактная iнфармацыя

г. Віцебск, вул. Пушкіна, д. 2
тэл. касы: +375 (212) 66-90-77
тэл. адміністратара: +375 (212) 62-50-51
email: info@lialka.vitebsk.net

Сайт тэатра: http://lialka.by

https://www.facebook.com/lialka.by

http://vk.com/lialka_theatre

https://www.youtube.com/user/lialkatheatre

Тэатры