Х Міжнародны фестываль тэатраў лялек запрашае гледачоў наведаць цікавыя пастаноўкі ўжо зусім хутка — з 18 да 21 мая! Арганізатарамі гэтай дзеі з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.
Маштабны форум, які праходзіць раз у два гады, адкрые свае дзверы ўсім, хто шануе сапраўднае тэатральнае мастацтва і не баіцца эксперыментаў. За 4 дні мінчане і госці сталіцы ўбачаць 14 спектакляў з 7 краін свету. Упершыню на фестывалі будуць прадстаўлены калектывы з Ірана, Балгарыі, Іспаніі. Падзяліцца сваёй творчасцю прыедуць найлепшыя тэатральныя кампаніі Францыі, Ізраіля, Расіі і ўсе дзяржаўныя тэатры лялек Беларусі. Нагадаем, што за папярэднія фестывалі Мінск наведала больш за 60 тэатраў з розных куткоў свету!
Юбілейны фестываль абяцае здзівіць не толькі шырынёй геаграфіі краін-удзельніц, але і ўзроставай скіраванасцю спектакляў: большасць пастановак адрасаваныя дарослай аўдыторыі. Традыцыйна арганізатары фестывалю фарміруюць праграму так, каб у гледачоў была магчымасць убачыць не толькі новыя і ўжо высока адзначаныя спецыялістамі спектаклі, але і ў поўнай меры адчуць усю жанравую разнастайнасць сучаснага тэатра лялек. Прадстаўленыя спектаклі сёлетняй праграмы — гэта смелае спалучэнне харэаграфіі, пантамімы і класічных формаў тэатра.
Асабліва яркай абяцае быць беларуская праграма форуму. Айчынныя калектывы прывязуць самыя свежыя работы, створаныя на мяжы традыцый і эксперымента. Дзіцячая праграма фестывалю будзе прадстаўлена кранальнымі пастаноўкамі з Ізраіля («кравец», Thе Trаіn Thеаtеr) і Віцебска («Умка», Беларускі тэатр «Лялька»).
Традыцыйна падчас фэсту будуць праводзіцца майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Таксама ўсіх чакае ўнікальны вечар тэатральнай музыкі ад гурта «Нагуаль». Музыкі рыхтуюць абноўленую праграму з кампазіцый, напісаных спецыяльна для тэатраў лялек.
Спектаклі форуму пройдуць на пяці пляцоўках горада — Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама на Малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Ніна Шчарбачэвіч
Крынiца: Газета Звязда
http://zviazda.by/be/news/20180514/1526311361-chym-zdzivic-h-mizhnarodny-festyval-teatrau-lyalek