Таццяна Мархель адважылася на споведзь
Таццяна Мархель — актрыса-брэнд. Што б яна ні іграла, глядач у вечаровых прыцемках будзе ў любым выпадку ганарыцца тым, што бачыць сапраўдную зорку. А ў якой якасці, ужо не так важна. І ў тым, што Мархель сапраўдная зорка, ніхто не сумняваецца — ад яе ж ззянне ідзе! Калі яна з’яўляецца ў памяшканні, нібыта некалькі дадатковых лямпачак запальваецца!
Яна пражывае на сцэне чужое жыццё, але заўсёды застаецца на сваім эмацыянальна-псіхалагічным падмурку. Хай мяне паб’юць камянямі, але амаль што самая ўдалая, на думку крытыкаў, роля Мархель — маўклівай спявачкі ў спектаклі “Жанчына Бергмана” — заўсёды здавалася мне адначасова і не самай натуральнай. Ну не веру я, што яна там зорка сусветнай опернай сцэны! Куды схаваць яе іранічны гарэзлівы агеньчык? Няма ў яе абліччы ні цынізму, ні стомленасці ад жыцця, што павінны быць у вялікай спявачкі. Яе амплуа (а амплуа мусіць быць у кожнага акцёра, і ў гэтым няма нічога дрэннага) — жанчына не Бергмана, а з народа.
Некаторы час таму мы сустракаліся з Таццянай Рыгораўнай, каб зрабіць інтэрв’ю да яе дня нараджэння. Разам прыдумалі форму і дамовіліся: ні слова пра тэатр! І вытрымаць такі фармат у нас амаль што атрымалася. Мархель з задавальненнем успамінала сваё вясковае дзяцінства, маму, яе песні, удзел з песнямі ў карціне “Людзі на балоце”... І аповед яе ліўся як ручай. Безумоўна, Таццяна Рыгораўна ведае ўсе “ізмы” — і сістэму Станіслаўскага, і Міхаіла Чэхава, і Гратоўскага, — сочыць за ўсімі навінамі тэатральнага жыцця. І пра тэатр яна магла б расказваць бясконца. Усім тэатральным інструментарыем яна валодае, але з чалавекам такога маштабу цікава пагутарыць менавіта пра жыццё, пра тое, што яго сфарміравала. Так мы тады і зрабілі...
У гэтым годзе (назаўтра пасля дня нараджэння) Таццяна Мархель выйшла на сцэну Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў прэм’ерным спектаклі “Беларусь. Дыдактыка”. Пастаноўка Аляксандра Марчанкі, які апошнім часам так насычана працуе ў РТБД і кіруе Цэнтрам беларускай драматургіі, у некаторым сэнсе нечаканая. Амаль што эксперымент, набліжаны з аднаго боку да дакументальнага тэатра, з іншага — да літаратурна-музычнага.
У спектаклі выкарыстаны фальклорныя песні і класічныя ўрыўкі з беларускай літаратуры (“Сымон-музыка” Якуба Коласа, “Людзi на балоце” Івана Мележа, “Велiкодныя яйкi” Змітрака Бядулі, “Дзяльба кабанчыка” Віктара Карамазава і іншыя). Але час ад часу здаецца, што Таццяна Мархель раптам пераходзіць на асабістыя ўспаміны. Гэта амаль споведзь пра жыццё і сваё месца ў ім. І галоўная думка — што сувязь, якая аднойчы ўзнікла паміж чалавекам і роднай зямлёй, непарыўная.
Разам з Мархель на сцэне прысутнічае музыкант Дзмітрый Лук’янчык, які выконвае беларускія народныя песні. Але пры ўсёй яго арганічнасці, на мой погляд, прысутнасць музыканта тут не зусім апраўданая: песні ў выкананні Лук’янчыка маглі б гучаць і ў запісе. Таксама, нягледзячы на тое што на сцэне прысутнічаюць два выканаўцы, псіхалагічнага дуэта паміж імі не ўзнікае. А можа, рэжысёр і не ставіў такую задачу? Час ад часу дзеянне ўвогуле спыняецца, глядач назірае за аднастайнай відэапраекцыяй: поле, лес, дарога...
Здаецца, гераіня Мархель існуе па-за часам і канкрэтным грамадствам. Яна звяртаецца непасрэдна да космасу. У нейкіх эпізодах відавочна, што глядач ёй і не патрэбен: актрыса перажывае нейкія свае, глыбока асабістыя думкі. Нездарма жанр спектакля вызначаны як “дарога да сябе”.
ДАСЛОЎНА
— Першая думка, якая ў мяне ўзнікла падчас гэтага праекта: ці можна быць такой бездапаможнай перад гледачом? — разважае Таццяна Мархель. — Так расказваць пра сваё жыццё? Калісьці, яшчэ да таго як з’явілася ідэя гэтага спектакля, Саша Марчанка браў у мяне шмат інтэрв’ю, на аснове якіх драматург Дзмітрый Багаслаўскі напісаў п’есу літаральна па маім жыцці. Я тады прачытала яе і падумала: “Божа, так адкрывацца нельга, гэта нават грэх нейкі — быць такой адкрытай”. І адмовілася, не дазволіла гэта ставіць на сцэне. Яны мяне зразумелі, і праз некаторы час Саша падаў новую ідэю вось такога шчырага, адкрытага праекта, пачаў расказваць сваё бачанне спектакля “Беларусь. Дыдактыка”. І зноў мне было неяк няёмка, нязручна: ну як гэта сваё, асабістае, сакральнае выносіць на сцэну?..
Але зараз я думаю — хай праз слёзы, тугу, але гэта варта паказаць. Каб прыйшла моладзь, паслухала, нешта зразумела. Ёсць тое, на чым можна стаяць, можна будаваць нешта новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб моладзь гэта ведала, разумела, таму што гэта наш скарб. Гэта спрадвеку наша, не сцягнутае недзе, не перапевы чужыя, не словы чужыя, а менавіта наша, беларускае.
Валянцін Пепяляеў
Крыніца: sb.by