IX З’езд БСТД: адысці ад гігантаманіі

1699 праглядаў

Дзявяты З'езд Беларускага саюза тэатральных дзеячаў прайшоў у Палацы мастацтва ў Мінску. На пачатку ўспомнілі тых, чыё зямное жыццё скончылася ў апошнія гады. Спіс аказаўся, на жаль, вялікі. Выступоўцы разважалі пра перспектывы творчых саюзаў, пра дапамогу, пра тое, ці не згубіўся сёння Беларускі саюз тэатральных дзеячаў у творчым асяродку краіны.


– Наш Саюз жыве, – зазначыў старшыня Саюза Аляксей Дудараў. – За мінулы час у Саюз прынята 132 чалавекі, выбыла 205. Нехта выехаў за мяжу, некаму Саюз стаў непатрэбны, хтосьці перастаў плаціць, хаця і ўмоўныя, але ўзносы. Некага мы сёння ўспомнілі ў самым пачатку.
На сёння наша суполка налічвае 24 пярвічныя арганізацыі, у тым ліку 7 у абласцях. Парытэт па прытоку і адтоку амаль вытрымліваецца.
Трэба прызнацца, даводзіцца чуць (у асноўным у кулуарах) заявы кшталту: а што мне дае гэты Саюз? А навошта ён? А ці не перажытак гэта? А ці не скончылася роля творчых саюзаў? І гэтак далей. Адказаць можна толькі адно: кожны вырашае асабіста: патрэбна табе наша творчая суполка – уступай і знаходзься ў ёй, дапамагай ёй жыць, прапаноўвай тое, што лічыш патрэбным, каб ажывіць яе дзейнасць. Не патрэбны табе Саюз – ніхто за вушы не цягне. Плану па колькасці ахопленых тэатралаў няма і ніколі не будзе... У дзейнасці нашай арганізацыі трэба адыходзіць ад гігантаманіі.

З’езд засведчыў: праблем сёння шмат, не ўсе яны вырашаюцца за адзін дзень. Падае наведвальнасць тэатраў, асабліва ў рэгіёнах, адчуваецца недахоп рэжысёрскіх кадраў, часта абдзеленыя ўвагай калег і крытыкаў рэгіянальныя калектывы. Але гатовы выехаць са сваімі студэнтамі ў любы рэгіянальны тэатр мастацкі кіраўнік тэатра імя М. Горкага Сяргей Кавальчык. Народная артыстка Беларусі Людміла Корхава з Гомеля адзначыла, што даўно не бачыла ў гасцях прадстаўнікоў Міністэрства культуры. «Запрашайце! Клічце!» – тут жа адказала першы намеснік Міністра Ірына Дрыга.

Пад заслону З'езду Аляксея Дударава большасцю галасоў пераабралі на новы тэрмін: сышліся на тым, што больш важкай і аўтарытэтнай фігуры для кіраўніцтва Саюзам не знайсці. Гэтая аднадушнасць усяляе надзею ў заўтрашні дзень беларускага тэатра.

Валянцін Пепяляеў

Фота Юрыя Мазалеўскага

Старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў. Фота Юрыя Мазалеўскага

 

Першы намеснік Міністра культуры Ірына Дрыга і паэт Леанід Дранько-Майсюк. Фота Юрыя Мазалеўскага

 

Падчас заслухоўвання справаздачнага дакладу старшыні ГА "БСТД". Фота Юрыя Мазалеўскага

 

Падчас працы З'езду. Фота Юрыя Мазалеўскага

 

Падчас галасавання. Фота Юрыя Мазалеўскага

Тэатры