Саюз тэатральных дзеячаў павіншаваў сваіх ветэранаў.
Аляксей Дудараў павіншаваў ветэранаў з тэатральнага цэху.
На гэтым тыдні Беларускі саюз тэатральных дзеячаў і яго старшыня Аляксей Дудараў павіншавалі з Днём перамогі ветэранаў — працаўнікоў тэатральнага цэху, членаў арганізацыі. Традыцыя гэта ўжо шматгадовая, пачалася яна ў 1992 годзе, і ні разу яе не парушылі.
На жаль, жыццё бярэ сваё: у Мінску засталіся толькі два ветэрана, якія маюць дачыненне да тэатра. Таму і смутак, і боль, і нейкая пяшчота — усё пераплятаецца ў душы чалавечай у гэтыя дні. Гэтыя людзі — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вядомы педагог і дырыжор Міхаіл Солапаў і знакаміты драматург, сцэнарыст і празаік Анатоль Дзялендзік. Яны атрымалі ад саюза памятныя сувеніры, грашовыя прэміі, Міністэрства культуры ўручыла ветэранам свае падзякі. Свята атрымалася шчырым і кранальным. Ці магло быць іначай?
— Галоўным у чалавеку павінна заставацца чалавечнасць, а не імкненне да багацця, — заўважыў Міхаіл Рыгоравіч. — Шчыра скажу, такой душэўнай пяшчоты, як у вас тут, не часта сустракаю сёння. Тут умеюць віншаваць. Шкада, што мы з Анатолем засталіся ўжо ўдваіх...
— Але ж па краіне вас не двое, а чацвёра! — аптымістычна паправіў віртуоза баяна Аляксей Дудараў. — А гэта ўжо рота! І калі ў роце чатыры ўзвода, то кожны наш ветэран вайны цягне на ўзвод! Узгадаем Сіму Раеўскую ў Магілёве і Аляксандра Салаўёва ў Віцебску. Яны таксама атрымалі нашы віншаванні.
На заканчэнне вечарыны Дудараў падняў франтавыя “сто грам”:
— Светлая памяць усім тым, хто нас ужо пакінуў. Хто загінуў у часы ваеннага ліхалецця. І жадаю, каб вы, дарагія Міхаіл Рыгоравіч і Анатоль Андрэевіч, былі апошнімі ветэранамі вайны ў гісторыі нашай краіны.
Валентин Пепеляев
Крынiца: Народная Газета