18 снежня 1944 года пастанова Савета народных камісараў Беларускай ССР дала жыццё Бабруйскаму абласному драматычнаму тэатру. Мастацкім кіраўніком яго быў К.Стэцкі, затым М.Кавязін. Але ў 1947 годзе тэатр пераводзяць у Гародню. Толькі ў 1956 годзе ў Бабруйску ствараецца беларускі вандроўны калгасна-саўгасны тэатр (пастанова №316 Савета Міністраў БССР). Галоўны рэжысёр – А.Аркадзьеў. Адкрыўся тэатр 1 студзеня 1957 года спектаклем “Раскіданае гняздо” Я.Купалы. Тэатр актыўна супрацоўнічаў з беларускімі аўтарамі, у яго рэпертуары значыліся 11 п’ес беларускіх аўтараў, 10 з якіх былі новымі. У 1958 годзе тэатр стаў называцца Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. Ён аб’ехаў са сваімі спектаклямі практычна ўсю Беларусь. У 1961 годзе ў бабруйскім тэатры ўпершыню на сцэну быў уведзены аркестр (спектакль “Антэй” М.Заруднага), і з гэтага пачаліся пошукі ў напрамку стварэння музычна-драматычных спектакляў. Канчаткова лёс тэатра быў вырашаны ў 1962 годзе, калі ён быў рэарганізаваны ў музычна-драматычны, а ў 1965 у Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Асаблівасць у тым, што ўвесь гэты час у тэатры ставіліся выключна драматычныя спектаклі (“Пяць вечароў” А.Валодзіна, “Позняе каханне” А.Астроўскага, “Смяротны прыгавор” І.Собалева і інш.). Апроч А.Аркадзьева спектаклі ставілі У.Амельчанка, П.Індыкул, Л.Іцкоў, У.Ажарэльеў. У склад трупы ўваходзілі Г.Лаўроў, Н.Калаптур, Л.Федчанка, П.Масцераў, Б.Баеў, Т.Бандарчык, Я.Громаў, Г.Вавула, Я.Гоўша, Ф.Пуховіч, Б.Лейтланд, Л.Мацкевіч, Ю.Саевіч, Ф.Пуховіч, Г.Падароўская і інш. У 1970 годзе тэатр быў расфарміраваны, на яго базе ў Мінску створаны Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі.
А ў Бабруйску пачаў сваю працу Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі з пастаноўкі (дарэчы, першымі ў Беларусі) спектакля па п’есе А.Макаёнка “Трыбунал”. Напрыканцы 1977 года тэатр стаў насіць імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. А свой новы сезон у адноўленым будынку (праца над тым вялася з 1970 па 1978) адкрыў знакамітай “Пінскай шляхтай” у пастаноўцы Б.Уторава. Трэба сказаць, што тэатр у Бабруйску – адзіны ў Беларусі, які ажыццявіў пастаноўку ўсіх п’ес Дуніна-Марцінкевіча, спектакль па яго творах, а таксама аб жыцці самога Вінцэнта Іванавіча.
Рэпертуар тэатра заўсёды быў разнастайным і ва ўсе часы яго ўпрыгожвалі творы беларускіх аўтараў. Можна ўзгадаць імёны А.Асташонка, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, Ю.Сохара, Я.Шабана, І.Шамякіна, А.Дзялендзіка, У.Няфёда, М.Чарота, М.Гарэцкага, Л.Родзевіча, Л.Вашко, М.Манохіна, І.Пісьменнай, А.Дударава, А.Курэйчыка, С.Кавалёва, А.Якімовіча, Г.Марчука і шмат іншых беларускіх аўтараў, з якімі супрацоўнічаў тэатр.
З працай у тэатры Дуніна-Марцінкевіча звязаны імёны рэжысёраў В.Каралько, М.Кавальчыка, У.Шыманскага, Ф.Пуховіча, Г.Несцера, В.Ласоўскага, С.Палешчанкова, В.Баркоўскага, М.Дзінава, Р.Таліпава, С.Кабанава і інш. На сённяшні дзень у трупе 35 артыстаў. Значны ўнёсак у яго дзейнасць прыдаюць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь А.Парфяновіч, майстры сцэны Ж.Зарэмба, А.Грахава, Н.Кашпур, Г.Агейкіна, А.Сафронава, І.Бурак. У трупе цікавае сярэдняе пакаленне – Н.Буднік, В.Лебедзева, В.Бабініч, П.Мікулік, С.Баброўнік, В.Матвеева. Значна аздабляе акцёрскі склад таленавітая моладзь.
Прастору для творчых эксперыментаў дае не так даўно адкрытая Малая сцэна, на якой пастаўлены ўжо некалькі спектакляў. Тэатр за апошнія гады пашырыў сваю фестывальную дзейнасць, удзельнічаў у міжнародным тэатральным фестывалі-лабараторыі камерных тэатраў і спектакляў малых форм “Малдфэст.Рампа.Ру” у Кішынёве, фестывалі для дзяцей і юнацтва “Тарарам” (Расія), фестывалях “Класіка сёння” (Украіна), “Дні Астроўскага ў Кастраме” (Расія), “М.ART.КОНТАКТ» (Беларусь). У тэатра наладжаны творчыя сувязі з тэатрамі з Маладзечна, Пінска, Калугі, Бранска, Кішынёва.
На базе тэатра ў 1998 годзе ў Бабруйску створаны фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. У 2015 гэты значны для Беларусі фэст прайшоў пяты раз. У яго працы прынялі ўдзел Цэнтр сучаснай беларускай драматургіі і Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры, што дало свой плён, адкрыла новыя імёны маладых беларускіх аўтараў і выклікала вялікую зацікаўленасць і гледачоў, і ўдзельнікаў. Фестываль Дуніна-Марцінкевіча адбываецца кожныя два гады.
Кантактная iнфармацыя
Адрас: г. Бабруйск, вул. Сацыялістычная, 105
Сайт тэатра: teatr-bobr.by