Мінскі абласны тэатр лялек “БАТЛЕЙКА”

388 Views

1 ліпеня 1990 года ў горадзе Маладзечна па культурнай праграме “Спадчына” быў заснаваны самы малады ў Рэспубліцы Беларусь прафесійны тэатр лялек “БАТЛЕЙКА”. Ля вытокаў тэатра стаяў рэжысёр-лялечнік Сяргей Фёдаравіч Юркевіч.

Пра накірунак мастацкай творчасці сведчыць сама яго назва – “БАТЛЕЙКА”. Упершыню гэтая назва народнага лялечнага тэатра з’явілася ў XVI стагоддзі. Такім чынам сучасны тэатр лялек з Маладзечна імкнецца арыентавацца на старажытныя традыцыі беларускага мастацтва, на агульначалавечыя каштоўнасці, на традыцыі хрысціянскай духоўнасці і маралі. У адпаведным накірунку і фарміруецца рэпертуар тэатра. За час няспыннага пошуку “БАТЛЕЙКА” набыла свой выразны твар, выпрацавала накірункі творчай дзейнасці, знайшла шмат маленькіх і дарослых прыхільнікаў.

За 27 год існавання 18 беларускіх, 1 украінскі, 1 рэжысёр з Расіі ў творчым саюзе з 35 аўтарамі, 13 мастакамі, 19 кампазітарамі здзяйснілі пастаноўку звыш 50 спектакляў (у тым ліку 4 спектаклі для дарослых), 6 лялечных канцэртных праграм, 19 калядных і навагодніх ранішнікаў. Зараз у афішы тэатра налічваецца 36 спектакляў.

На наш час тэатр лялек ператвараецца ва ўніверсальны сінтэтычны тэатр, якому ўласцівы прыёмы і сродкі выразнасці самых розных відаў тэатральнага мастацтва – драматычнага, пластычнага, музычнага, а гэта, як аказваецца, таксама асаблівасці старажытнага беларускага лялечнага тэатра. Пошукі сучасных лялечнікаў вядуць да адраджэння былых традыцый, да спроб вярнуць у тэатр містэрыяльны пачатак і ўбычыць у ляльцы боскае ўвасабленне і чалавечае адлюстраванне.

Сваю перспектыву “БАТЛЕЙКА” бачыць у стварэнні яркіх спектакляў не толькі для дзяцей, а таксама ў нараджэнні самабытных, сур’ёзных твораў, разлічаных на самы запатрабавальны густ дарослых. Тэатр жыве, працуе, марыць… І здзяйсненне тых мар у тым, што 27 год таму з’яднаўся калектыў аднадумцаў, улюблёных у сваю прафесію, якія вераць у сваё прызначэнне, у сваю шчаслівую зорку, што асвятляе наш творчы небасхіл.

Тэатр заўважны, ім цікавяцца. Сведчанне таму – запрашэнні да ўдзелу ў 42 міжнародных тэатральных фэстах, замежныя падарожжы. “БАТЛЕЙКА” – удзельнік фестываляў Беларусі, Італіі, Германіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы, Сербіі і Чарнагорыіі, Расіі, дзе неаднойчы быў адзначаны ганаровымі дыпломамі.

Таксама тэатр з’яўляецца калектыўным членам Міжнароднай асацыацыі дзеячоў тэатраў лялек – УНІМА (з 1996 года), ініцыятарам правядзення Міжнароднай творчай акцыі “Тэатры свету – дзяцям!”(2013 год).

З 1 красавіка 1992 года дырэктарам тэатра з’яўляецца Ала Палякова. За час дзейнасці мастацкімі кіраўнікамі “БАТЛЕЙКІ” былі: Г. Карбаўнічая (1992 – 1993); Ю. Сарычаў (1994 – 1996); А. Жыгадла (2000 – 2001). З 1 красавіка 2004 года галоўным рэжысёрам тэатра з’яўляецца Мікалай Андрэеў.

Доўгі час (1990 – 2003) галоўным мастаком тэатра быў таленавіты Валеры Рачкоўскі. На наш час гэту пасаду ўжо 14 год займае Вольга Разумава.

На цяперашні час (2017 год) у трупе тэатра 9 акцёраў: вядучыя майстры сцэны – М. Асановіч, У. Уладыка, Т. Паўлючук, Т. Чаеўская; акцёры вышэйшай катэгорыі – А. Майрын, І. Озер, В. Піліпенка, Н. Пацалуева; актрыса першай катэгорыі – В. Бладыка. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм: батлеечныя, шпянёвыя, марыянеткі, пальчаткавыя, роставыя, планшэтныя.

КАНТАКТНАЯ IНФАРМАЦЫЯ

Дзяржаўная ўстанова "Мінскі абласны тэатр лялек "БАТЛЕЙКА"

Адрас: г. Маладзечна, вул. Я.Драздовіча, 5 "В"

Theaters