Нараджэнне жанра оперы ў беларускай культуры

1510 праглядаў

Рубрыка "Гісторыя беларускай музыкальна-тэатральнай культуры з Віктарам Скорабагатавым"

Жанр оперы нарадзіўся ў Італіі, у Фларэнцыі. Адбылося гэта ў 1598 годзе. “Заснавальнікам” жа оперы ў Беларусі трэба лічыць караля Жыгімонта ІІІ Вазу (караляваў у 1587 – 1632 гады) і ягонага старэйшага сына Уладзіслава Вазу (караляваў у 1632 – 1648 гады). Падчас вандроўкі па Еўропе кароль Жыгімонт разам з жонкаю Ганнай аўстрыйскай і сынам Уладзіславам пазнаёміўся ў Італіі з новым музычным відовішчам – операй, якая моцна захапіла яго. Захапіўся операй і каралевіч Уладзіслаў. Франчэско Качыні нават стварыў у гонар каралевіча оперу-балет “Выратаванне Руджэро з вострава Альцына” (пазней, у 1625 годзе гэтая опера была пастаўлена пры галандскім двары).

Жыгімонт III Ваза. Мастак - Якаб Трошаль

Па вяртанні з вандроўкі Уладзіслаў загадаў пабудаваць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай тры оперныя тэатры: у сталіцы Каралеўства Польшчы Варшаве, у сталіцы Вялікага княства Літоўскага Вільні і ў Гданьску. Яны сталіся першымі стацыянарнымі опернымі тэатрамі на поўнач ад Альпаў і, дарэчы, яшчэ да з’яўлення ў 1637 годзе Венецыянскай оперы. У гэтых тэатрах выконвалі прэм’еры опер, спецыяльна напісаных ужо для караля Уладзіслава. Першай з музычных драм, што былі пастаўлены ў Вільні, стала “Il ratto di Helena” Лаверо Кастле на лібрэта Вірджыліо Пуччытэллі. Прэм’ера адбылася 4 верасня 1636 года. Пуччытэллі і пазней стварае паводле заказу Уладзіслава новыя творы, прэм’еры якіх паказваюцца ў віленскім палацы вялікага князя літоўскага: “L’Andromeda” (1646) і “Circe delusa” (1648).

Уладзіслаў IV Ваза. Мастак - Франс Лёйкс

Заробкі пры каралеўскім двары (значна вышэйшыя, чым на радзіме) прыцягвалі найлепшыя музычныя сілы, знакамітых італьянскіх кампазітараў і выканаўцаў. Сярод іх вылучаецца Марко Скаккі, які працаваў ў Вялікім княстве больш за 20 гадоў. Пачатак бытавання оперы на нашых землях, як бачым, уражвае. Тым не менш пасля смерці Уладзіслава IV (1648 год) досыць хутка каралеўскія оперныя тэатры ў Рэчы Паспалітай адышлі ў нябыт ажно на сто год.

Прафесар Віктар Скорабагатаў

Тэатры