На сёння тэатр імя Якуба Коласа – адзіны нацыянальны тэатральны калектыў у Беларусі, што функцыянуе ў абласным цэнтры.
Рэпертуару тэатра характэрна жанравая разнастайнасць. Тут можна ўбачыць і класічную трагедыю, і традыцыйную псіхалагічную драму, і актуальную камедыю, а таксама пастаноўкі ўльтрасучасных жанраў і адкрытыя тэатральныя эксперыменты. Цяпер у рэпертуары Коласаўскага тэатра 50 пастановак!
Адменную ўвагу тэатр надае пастаноўкам па творах сучасных аўтараў. Сярод прэм'ер апошніх тэатральных сезонаў: "Пахаваеце мяне за плінтусам" П.Санаева, "Я вольны!" А.Натомб, "Гэта ўсё яна" А.Іванова, "Загадкавыя варыяцыі" Э.-Э.Шмітта, "Афінскія вечары" П.Гладзіліна, "Каралева прыгажосці з Лінэна" М.Мак-Донаха, "Шукаем тэнара!" К.Людзвіга, "Смяротны нумар" А.Антонава, "Белы анёл з чорнымі крыламі" Д.Балыка. Пастаноўкі па класічных творах сусветнай і беларускай літаратуры ў рэалізацыі рэжысёраў і артыстаў Коласаўскага тэатра карыстаюцца глядацкай папулярнасцю. Гэта – "Леаніды не вернуцца на зямлю» і "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", Ул.Караткевіча, "Макбет" і "Рамэа і Джульета" У.Шэкспіра, "Дом Бернарды Альбы" Ф.-Г.Лоркі, "Хітрыкі Скапэна" Ж.-Б.Мальера, "Доктар філасофіі" Б.Нушыча, "Цень думкі нашай..." Ф.Аляхновіча. Візітнай карткай тэатра можна назваць спектакль "Несцерка" В.Вольскага, які не пакідае тэатральных афіш Коласаўскага ўжо больш за 70 гадоў.
З верасня 2017 года мастацкі кіраўнік тэатра – Краснабаеў Міхась Дзмітрыевіч. Міхась Дзмітрыевіч працуе у тэатре з 1985 года, акцёр шырокага творчага дыапазону. З 1997 года - вядучы майстар сцэны. Узнагароджаны апроч іншых Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2013), ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2015), ганаровым званнем «Чалавек года Віцебшчыны» (2016).
З кастрычніка 2014 года дырэктарам тэатра з’яўляецца Аляксандр Старых.
На сцэне тэатра ставяць спектаклі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, вядучыя майстры сцэны тэатра, выпускніцы рэжысёрскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ніна Обухава і Ірына Цішкевіч.
Галоўным мастаком працуе Святлана Макаранка. Актыўна праяўляюць себя іншыя мастакі, якія працуюць у тэатры, – Андрэй Жыгур, Юлія Карымава.
Тэатр плённа супрацоўнічае са знакамітымі кампазітарамі Уладзімірам Кандрусевічам, Уладзімірам Кур'янам, Дзмітрыем Лук'янчыкам, Аляксеем Ераньковым, Арцёмам Краснабаевым, Русланам Стаброўскім. Сённяшні загадчык музычнай часткі тэатра Аляксандр Крыштафовіч умее выдатна падабраць і напісаць арыгінальную музыку да спектакляў тэатра. Канцэртмайстар тэатра – Алена Парфёнава.
Літаратурна-драматычна часткай кіруе Алесь (Аляксандр) Замкоўскі. У ягонай камандзе ў якасці літаратурнага рэдактара працуе тэатразнаўца Юрый Іваноўскі.
У трупе тэатра – народныя артысты Беларусі Святлана Акружная, Тадэвуш Кокштыс, заслужаныя артысты Беларусі Галіна Букаціна, Вячаслаў Грушоў, Віктар Дашкевіч, Таццяна Ліхачова, Валянціна Петрачкова, Тамара Скварцова, Рыгор Шацько. Плённа працуе сярэдняе пакаленне тэатра, таленавітая моладзь, якія трымаюць на сабе большасць рэпертуару. Многія маладыя артысты тэатра атрымалі адукацыю на тэатральным факультэце Беларускай акадэміі мастацтваў.
У 2016 годзе тэатру імя Якуба Коласа споўнілася 90 гадоў.
КАРОТКАЯ ТВОРЧАЯ БІЯГРАФІЯ
1926 год, 21 лістапада — дзень нараджэння тэатра, у Віцебску адкрыты Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр на базе выпускнога курса Беларускай драматычнай студыі пры МХАТ-2 (Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр другі) у Маскве.
1944 год — тэатру прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа.
1946 год — Дзяржаўная прэмія СССР за спектакль «Несцерка» В.Вольскага (прэм'ера — 18 мая 1941 года).
1968 год — Дзяржаўная прэмія БССР за спектакль «Шостае ліпеня» М. Шатрова.
1976 год — прэмія Ленінскага камсамола Беларусі за спектакль «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа.
1977 год – тэатру нададзена званне «акадэмічны».
1986 год — Дзяржаўная прэмія БССР за спектакль «Вечар» А.Дударава.
2001 год — тэатру нададзена званне «Нацыянальны».
Кантактная iнфармацыя
Адрас: г. Віцебск, вул. Замкавая, 2
Сайт тэатра: kolastheatre.by