Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь з'яўляецца галоўнай музычна-тэатральнай сцэнай краіны і адным з сімвалаў нацыянальнай культуры. Па выразе Кіраўніка дзяржавы, Вялікі тэатр Беларусі – гэта візітная картка нашай дзяржавы і адзін з сімвалаў незалежнасці краіны, наш нацыянальны здабытак і гонар. У тэатры сабраны лепшыя творчыя сілы краіны, многія артысты і музыканты маюць ганаровыя званні, з'яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных конкурсаў, ўладальнікамі ганаровых прэмій. Спектаклі тэатра, пастаноўшчыкі і выканаўцы нязменна становяцца лаўрэатамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі, а таксама іншых ганаровых прэмій.
Дзяржаўны тэатр оперы і балета адкрыўся 25 мая 1933 года спектаклем "Кармэн" Ж.Бізэ з Ларысай Александроўскай у галоўнай парті.
Найноўшую гісторыю Вялікі тэатр Беларусі адлічвае з 2009 года, калі была завершана маштабная рэканструкцыя будынка, якая праводзілася з 2006 па 2009 год.
Тэатр мае сапраўды ўнікальны рэпертуар, які складаюць больш за 80 назваў опер і балетаў розных эпох і стыляў, у тым ліку нацыянальныя, класічныя і сучасныя пастаноўкі. Больш за 50 прэм'ерных пастановак ажыццёўлена з 2009 па 2017 год.
Першай прэм'ерай у абноўленым будынку тэатра стала беларуская камічная опера "Чужое багацце нікому не служыць" Я.Д.Голланда, рэканструяваная У.Байдавым і В.Скорабагатавым па аўтэнтычных партытурах кампазітара і ўдастоеная Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2009 г.).
Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры мастацтва 2012 г. калектыў тэатра быў удастоены "за значныя дасягненні ў развіцці беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва і пастаноўку оперы Д.Смольскага "Сівая легенда".
У 2014 г. "За ўвасабленне нацыянальна-гістарычнай тэматыкі ў спектаклях тэатра і пастаноўку балета"Вітаўт" В.Кузняцова калектыў Вялікага тэатра Беларусі быў узнагароджаны Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".
У 2015 г. рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ і мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка былі адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За значныя дасягненні ў развіцці сучаснага опернага мастацтва і пастаноўку спектакля "Царская нявеста".
Першай у гісторыі Беларусі Нацыянальнай тэатральнай прэміяй калектыў Вялікага тэатра Беларусі быў узнагароджаны ў 2010 годзе за пастаноўку оперы Дж. Вердзі «Набука», якая была адзначана ў намінацыі «Лепшы беларускі спектакль».
У 2012 годзе лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі стаў спектакль "Аіда" Дж.Вердзі ў намінацыі "Лепшы музычны спектакль сезона 2011/2012".
У 2014 годзе ў намінацыі "Лепшы оперны спектакль" рэспубліканскага конкурсу нацыянальнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" была адзначана опера "Лятучы галандзец" Р.Вагнера. Таксама былі ўзнагароджаны рэжысёр-пастаноўшчык Ханс-Йоахім Фрай ў намінацыі "Лепшая рэжысёрскі праца" і саліст оперы, выканаўца ролі Галандца Станіслаў Трыфанаў у намінацыі "Лепшая мужчынская роля ў спектаклі оперы". У намінацыі "Лепшы спектакль балета" ў 2014 годзе ўзнагароды быў удастоены балет "Вітаўт" В.Кузняцова, балетмайстар-пастаноўшчык, народны артыст Беларусі Юрый Траян быў адзначаны ў намінацыі "Лепшая праца балетмайстра ў спектаклі балета", артыстка балета, выканаўца ролі Ганны Людміла Хітрова перамагла ў намінацыі "Лепшая жаночая роля ў спектаклі балета".
У 2016 годзе ў намінацыі "Лепшы оперны спектакль" рэспубліканскага конкурсу нацыянальнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" была адзначана опера "Царская нявеста" М.Рымскага-Корсакава. У намінацыі "Лепшы спектакль балета" ў 2016 годзе ўзнагароды быў удастоены балет "Маленькі прынц" Я.Глебава (2016), у намінацыі "Лепшая мужчынская роля ў спектаклі балета" ўзнагароджаны артыст балета, выканаўца ролі Прынца Канстанцін Геронік. У гэтым жа годзе ў намінацыі "Лепшая жаночая роля ў спектаклі оперы" Нацыянальнай тэатральнай прэміі была ўдастоена Аксана Волкава за выкананне ролі Кармэн у аднайменнай оперы Ж.Бізэ; у намінацыі "Лепшая жаночая роля ў спектаклі балета" прэміяй была ўзнагароджана артыстка балета Людміла Хітрова, выканаўца загалоўнай партыі ў балеце "Лауренсія" А.Крэйна.
Шматгранная творчая дзейнасць Вялікага тэатра Беларусі ўключае маштабныя культурныя праекты, якія атрымалі вялікі грамадскі рэзананс. Сярод іх – Мінскі міжнародны Калядны оперны форум (з 2009), Вялікі навагодні Баль (з 2009), фестываль опернага і балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" (з 2009), Маладзёжны оперны форум краін СНД (май, 2012), Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў (з 2014), праект "Балетнае лета ў Вялікім" (з 2014), праект "Вялікі тэатр – дзецям" (з 2014), конкурс "Навагодняя сямейная цацка" (з 2014), "Дзень адчыненых дзвярэй", прымеркаваны да Дня нараджэння тэатра (з 2015), праект "Моладзевыя праграмы Вялікага" (2016).
У складзе Вялікага тэатра Беларусі дзейнічаюць творчы калектыў "Беларуская капэла" (з 1992) і Дзіцячы музычны тэатр-студыя (з 1989).
У 2009 г. у тэатры была адкрыта "Музычная гасцёўня", цяпер Камерная зала імя Ларысы Александроўскай. Тут кожны тыдзень праводзяцца ўнікальныя канцэрты вакальнай і інструментальнай музыкі розных эпох і стыляў, а таксама аднаактавыя класічныя і сучасныя оперныя спектаклі.
У 2012 годзе ў тэатры з'явілася "Малая балетная сцэна" – пляцоўка, якая дае маладым харэографам магчымасць рэалізацыі творчых задум, наватарскіх ідэй.
У 2010 годзе тэатр стварыў сваё ўнікальнае друкаванае выданне – часопіс "Партэр". У 2013 годзе "Партэр" стаў пераможцам IX Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая літара".
З 2012 года Вялікі тэатр Беларусі адкрыў тры філіяльныя пляцоўкі – у Магілёве, Наваполацку і Гомелі, якія штомесяц прадстаўляюць гледачам оперныя і балетныя спектаклі, а таксама канцэртныя праграмы з удзелам салістаў і артыстаў тэатра.
У 2014 годзе Вялікі тэатр Беларусі быў узнагароджаны памятным медалём ЮНЕСКА "Пяць кантынентаў" за выбітны ўнёсак у папулярызацыю харэаграфічнага і опернага мастацтва ва ўсім свеце і з нагоды 60-годдзя сяброўства Беларусі ў ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.
Па выніках сацыялагічных апытанняў у сетцы інтэрнэт, тэатр неаднаразова станавіўся лаўрэатам прэміі "36 улюбёных месцаў Мінска". Паводле справаздачы Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Вялікі тэатр Беларусі з'яўляецца самым самым папулярным сярод тэатральных калектываў краіны (яго аўдыторыя складае больш за 40% ад усёй тэатральнай аўдыторыі горада).
Тэатр вядзе актыўную міжнародную дзейнасць. З 2010 па 2017 падпісана 30 мемарандумаў аб супрацоўніцтве з краінамі СНД і далёкага замежжа, якія прадугледжваюць арганізацыю гастрольнай дзейнасці калектыву, абмен салістамі і выканальніцкімі калектывамі, сумесныя творчыя праекты па ажыццяўленню пастановак і правядзенні майстар-класаў, удзел у музычных конкурсах і фестывалях і інш.
За пастаноўку оперы "Сівая легенда" Дз.Смольскага творчы калектыў Вялікага тэатра Беларусі быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
У тэатры працуюць такія майстры опернага мастацтва, як народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Уладзімір Пятроў, Сяргей Франкоўскі, Настасся Масквіна, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, Станіслаў Трыфанаў, Уладзімір Громаў, Алена Сало, Аксана Якушэвіч, Алег Мельнікаў, Аляксандр Кеда, Алена Бундзелева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юрый Гарадзецкі, Ілля Сільчукоў, Таццяна Гаўрылава, Эдуард Мартынюк, Віктар Мендзелеў і інш.
Вядучыя майстры сцэны балета – народныя артысты Беларусі Ігар Артамонаў, Вольга Гайко, Канстанцін Кузняцоў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Ірына Яромкіна, Алег Яромкін, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Людміла Хітрова, Кацярына Алейнік, Канстанцін Геронік, Такатошы Мачыяма, Ігар Аношка, Яна Штангей, Аляксандра Чыжык і інш.
За апошнія гады калектыў тэатра пабываў больш чым у 30 краінах свету. Напэўна, на геаграфічнай карце хутка застанецца зусім мала дзяржаў, дзе хоць бы адзін раз не выступаў тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь: ад Партугаліі і Іспаніі да Японіі і Кітая, ад Нарвегіі і Вялікабрытаніі да Турцыі і Тайланда – усюды калектыў знайшоў сваіх гарачых прыхільнікаў.
КАНТАКТНАЯ IНФАРМАЦЫЯ
Адрас: г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1
Сайт тэатра: bolshoibelarus.by
ФОТАГАЛЕРЭЯ