Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

570 Views

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі створаны ў сталіцы Беларусі ў 1991 годзе як тэатр-лабараторыя сучаснай нацыянальнай драматургіі. Нягледзячы на тое, што РТБД дастаткова малады, ён па праву лічыцца экспертам у сучасным беларускім тэатры. Пры тэатры існуе Цэнтр беларускай драматургіі, які з'яўляецца платформай для збору і папулярызацыі сучасных беларускіх п'ес. Тэатр вядзе працу па аказанню творчай дапамогі маладым пачынаючым драматургам, арганізоўвае акцёрска-сцэнічныя чыткі п'ес, семінары, майстар-класы, практыкуе іншыя разнастайныя формы прафесійнай падрыхтоўкі аўтараў.

РТБД не абмежаваны жанравымі рамкамі. У рэпертуары тэатра ёсць драмы, камедыі, а таксама першы дакументальны спектакль на сцэне рэпертуарнага тэатра Беларусі.

Трупа тэатра (да 30 чал.), выхаваная на аснове сістэмы К.С.Станіслаўскага, шмат у якіх сваіх спектаклях паспяхова практыкуе iншыя формы i метады акцёрскага існавання на сцэне.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з'яўляецца ўдзельнікам (у шэрагу выпадкаў - лаўрэатам) звыш 50-ці міжнародных прэстыжных тэатральных фестываляў. У іх ліку можна назваць: Эдынбургскі тэатральны фестываль (Вялікабрытанія), фестываль імя.А.П.Чэхава ў Маскве, «Новая еўрапейская п'еса» ў Вісбадэне (Германія), «Тэатральныя канфрантацыі» ў Любліне (Польшча), фестываль у Сібіу (Румынія), фестываль «Еўрасцэна» ў Лейпцыгу (Германія), фестываль «Славія» ў Бялградзе (Сербія) і інш.

РТБД адзін з нешматлікіх тэатраў Беларусі, у якім усе пастаноўкі ідуць на беларускай мове. Каля 80 працэнтаў рэпертуару складае сучасная беларуская драматургія.

Кантактная iнфармацыя

Дзяржаўная ўстанова “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі”

Адрас: г. Мінск, вул. Крапоткіна, 44

Сайт тэатра: rtbd.by

Theaters