Слонімскі драматычны тэатр

2016 праглядаў

1 студзеня 1990 года ў Слоніме пачаў дзейнічаць дзяржаўны драматычны тэатр. Дырэктарам і рэжысёрам ў адной асобе стаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч (1934–2001). М.Варвашэвіч узначальваў тэатр да 2000 года. З 2000 да 2003 гг. галоўным рэжысёрам тэатра быў Віктар Бутакоў, з 2003 да 2008 гг. – Віктар Небальсін, а з 2008 года па сённяшні дзень – Васіль Сявец.

За гэты час калектыў тэатра ажыццявіў больш за 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра пераважаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастаўленыя ў традыцыях беларускага народнага тэатра: “Прымакі” Я.Купалы, “Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець” Л.Родзевіча, “Лекі ад кахання” і “Каханне з падманам” У.Галубка”, “Трыбунал” А.Макаёнка. Ставяцца п’есы сучасных беларускіх драматургаў. Тэатр шмат ставіць спектакляў на рускай і беларускай мовах для юных гледачоў і гастралюе з імі па Беларусі. У асноўным калектыў тэатра абслугоўвае раённыя цэнтры і жыхароў вёсак у Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. На сённяшні дзень у рэпертуары тэатра значацца 18 спектакляў для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.

У 2001 годзе тэатр прымаў удзел у фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. А на Другім рэспубліканскім фестывалі творчай тэатральнай моладзі ”Надзея-2001” роля Чорта ў выкананні артысткі тэатра Ірыны Яцук у спектаклі “Камедыя” па п’есе У.Рудава ў пастаноўцы рэжысёра В.Небальсіна была прызнана лепшай жаночай роллю. У 2007 годзе артыстка Ірына Яцук прызнана лепшай артысткай Гродзенскай вобласці.

КАНТАКТНАЯ IНФАРМАЦЫЯ

Дзяржаўная ўстанова культуры "Слонімскі драматычны тэатр"

Адрас: г. Слонім, плошча Леніна, 13-4

Сайт: slonimteatr.by

Тэатры