Тэатр у новым грыме

273 Views

Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “Тэарт”: акцэнт на эксперымент і мастацкае наватарства

VII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «Тэарт» пачнецца заўтра ў Мінску. Сёлета ў праграме     19 пастановак разнастайных жанраў і форм з васьмі краін: Беларусі, Латвіі, Францыі, Германіі, Італіі, Расіі, Славеніі і Кыргызстана.

У афішы імёны рэжысёраў-пастаноўшчыкаў, вядомых ва ўсім свеце. На сцэне акцэнт на эксперымент і мастацкае наватарства. Па-за кулісамі майстар-класы, лекцыі, сустрэчы са стваральнікамі спектакляў, дыскусіі. Дэвіз форуму — «Тэатр у тваёй галаве».

Адкрые «Тэарт» Ліепайскі тэатр з камедыяй без слоў «Жаніцьба» Гогаля. Фота www.teatr.by

Камедыя без слоў

Што ж убачыць і над чым задумацца прапаноўвае «Тэарт»?

Адкрые фестываль камедыя без слоў «Жаніцьба» Гогаля ў пастаноўцы Сяргея Зямлянскага. Рэжысёр і харэограф вядомы сваім унікальным стылем пластычнай драмы, які спалучае элементы драматычнага спектакля, танцавальнага тэатра і пантамімы. «Жаніцьба» — другая яго работа ў Ліепайскім тэатры ў стылі wordless. Латвійская публіка сустрэла яе з захапленнем. Цяпер слова за мінскімі гледачамі.

Знакаміты французскі танцор і харэограф Анжэлен Прэльжакаж прадставіць на фестывалі харэаграфічны спектакль «Фрэска. Карціна на сцяне». Пастаноўка па матывах кітайскага народнага падання, якое рэжысёр адаптуе да сучаснасці, захоўваючы пры гэтым дух і сімвалізм старажытнай гісторыі і пераносячы гледачоў у фантастычны свет усходніх казак.

Яўген Міронаў і Лізавета Баярская ў спектаклі маскоўскага Тэатра Нацый «Іванаў»

Наогул у месье Прэльжакажа ў Мінску насычаная праграма. Акрамя спектакля адбудзецца паказ фільма пра рускі балет «Паліна, станцаваць сваё жыццё», які ён зняў у сааўтарстве з жонкай Валеры Мюлер, і творчая сустрэча з гледачамі. Мала таго, Анжэлен Прэльжакаж правядзе кастынг для нашых прафесійных танцораў. Удзельнікі, якія прайшлі адбор, атрымаюць магчымасць працаваць па кантракце ў Балеце Прэльжакаж у французскім Экс-ан-Правансе. Спачатку тэрмінам на сезон 2018 года, але з магчымым працягам.

Італьянскі рэжысёр і драматург Эма Дантэ — уладальніца шматлікіх прызоў і ўзнагарод. Яе заснаванай у Палерма трупе Sud Costa Occidentale хутка 20 гадоў, і ўвесь гэты час тэатр існуе выключна за кошт збораў ад спектакляў. У Мінску пакажуць пастаноўку «Сёстры Макалуза». У ёй Эма Дантэ звяртаецца да тэмы, якая праходзіць праз усю яе творчасць, — традыцыі, сямейны ўклад і асаблівасці жыцця сіцылійцаў.

Грэкі, траянцы і богі

Лепшыя артысты Славеніі прымаюць удзел у спектаклі «Іліяда». У гэтай інтэрпрэтацыі твора Гамера рэжысёр Ерней Ларэнці і каманда акцёраў не імкнуцца стварыць эпічнае візуальнае палатно, а наадварот, абмяжоўваюцца толькі дванаццаццю дзеючымі асобамі і асаблівую ўвагу надаюць слову, апавяданню, рытму і гукавым вобразам.

Што ў шуфлядках у жанчын

«Дэман» — пастаноўка рэжысёра Уладзіміра Панкова ў Дзяржаўным нацыянальным рускім тэатры драмы імя Ч.Айтматава ў Бішкеку. Спектакль створаны па матывах аднайменнай паэмы і аповесці «Герой нашага часу» Лермантава. Унікальная інсцэніроўка з жывой музыкай, шматгалоснымі спевамі, пластычнымі кампазіцыямі злучае ў сабе розныя нацыянальныя культуры, тэатральныя школы і мовы.

Мастацкі метад удзельніц нямецкага тэатральнага жаночага калектыву She She Pop — прыцягненне ўласных аўтабіяграфій і зварот да асабістага досведу ў пастаноўках, што стварае асаблівы эксперыментальны тэатр. Спектакль «У шуфлядках стала» не выключэнне.

Адзін з самых чаканых гасцей форуму, білеты даўно раскуплены — маскоўскі Тэатр Нацый са спектаклем «Іванаў» і зорным акцёрскім складам: Яўген Міронаў, Чулпан Хаматава, Лізавета Баярская, Віктар Вяржбіцкі, Ігар Гордзін. Рэжысёр Цімафей Кулябін пераасэнсоўвае чэхаўскую драму і інтэрпрэтуе яе на сучасны лад. Цяпер Іванаў не дваранін, а просты офісны клерк, які пакутуе ад крызісу сярэдняга ўзросту.

Незвычайная і эфектная пастаноўка «Макс Блэк, або 62 спосабы падперці галаву рукой» маскоўскага «Электратэатра Станіслаўскі». У спектаклі нямецкага рэжысёра, кампазітара і педагога Хайнера Гёббельса артыст, гук, святло і піратэхнічныя эфекты працуюць як партнёры і сааўтары таго, што ўзнікае на сцэне. У афішы гледачоў інтрыгуюць і папярэджваюць: «Будзьце ўважлівыя! Пах серы, якая выкарыстоўваецца ў спектаклі, можа выклікаць алергічную рэакцыю».

Спектакль «Рахманая» па матывах аднайменнай аповесці Дастаеўскага пакажа на фестывалі тэатр танца «Альтана» з Мінска

Насычанасцю здзівіць сёлетні Belarus Open — нацыянальны блок праграмы фестывалю. За чатыры дні пакажуць 11 пастановак з Мінска, Гродна, Магілёва, Бабруйска і Віцебска. Гэта лепшыя работы нашых тэатраў за апошнія два гады, адабраныя крытыкам Людмілай Грамыка. На фестывалі, паводле яе слоў, важна было прадставіць спектаклі, якія маюць мастацкую каштоўнасць, і рэжысёраў, якім неабходна даць шанц — шанц узляцець, шанц праваліцца, шанц ісці далей.

У праграме нечаканыя прачытанні рускай і нацыянальнай класікі, наша сучасная драматургія, перформанс. Закрые форум  16 кастрычніка гучная прэм'ера мінулага сезона — камедыя без слоў «Пансіён Belvedere», пастаўленая ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек італьянскім акцёрам і рэжысёрам Матэа Сп’яцы.

Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ, дырэктар фестывалю «Тэарт»:

— Мы жывём у век гаджэтаў, але, на жаль, па-ранейшаму не заўсёды гатовыя ўспрымаць новае ў пытаннях культуры — гэта заўсёды складана і спрэчна. Мы нікога не цягнем на свой бок і не імкнёмся пераканаць. Мы кажам: паглядзіце, і паказваем пэўны зрэз пастановак з рознай мовай, з рознымі школамі, з розным успрыманнем. Прафесіяналы і гледачы — кожны знойдзе сярод іх тое, што яму бліжэй. І не ўсё ўсім павінна аднолькава падабацца. Мы хочам проста пазнаёміць з тым новым, што з'яўляецца ў тэатральным мастацтве і што мы прывозім сюды.

Ирина Свирко

Источник: Газета Рэспублiка

https://www.sb.by/articles/teatr-u-novym-gryme.html

 

Theaters