Театр «На балконе» давно перерос «штанишки» студенческого коллектива
Глядзіце на сцэну, а не ў пашпарт
— Андрэй Віктаравіч, у чым, на ваш погляд, актуальнасць п’есы Озбарна сёння?
— На момант, калі Озбарн пісаў п’есу «Азірніся ў гневе», а гэта быў яго другі драматургічны вопыт, ён, так бы мовіць, спрабаваў пераадолець свой час і неяк шчыра адказаць на пытанні, якія яго турбавалі, адказаць на іх і на тое, што ён адчуваў з такім аголеным нервам. Па сутнасці, Озбарн аўтабіяграфічна дэклараваў нейкія сваі пазіцыі і ўстаноўкі, гаварыў аб тым, што здавалася яму несапраўдным і састарэлым. Мне здаецца, для маладых людзей тэма супрацьстаяння старога і новага, абароны свайго ўнутранага свету і сваёй пазіцыі заўсёды цікава і актуальна.
— Спектакль «Азірніся ў гневе» названы рэміксам. Патлумачце…
— Нам сапраўды прыйшлося шмат працаваць с тэкстам, мы рабілі сумесны пераклад разам з Уладзіславам Лянкевічам. Гэта рэмікс у стылістычным сэнсе. У спектаклі ўсё ж няма рэстаўрацыі побыту Англіі 1957 года. Гісторыя адбываецца ў наш час, героі выкарыстоўваюць сучасныя гаджэты, гучаць сучасныя песні. Але і анахранізмы таго часу мы не перароблівалі, вырашылі — хай застаюцца. З аднаго боку, хтосьці можа сказаць, што нам для гэтага не хапіла смеласці, а з другога — гэта можа выглядаць як наша павага да Озбарна.
— Тым не менш перад спектаклем вы выказалі сумненне ў тым, што масаваму гледачу гэта гісторыя будзе сапраўды цікавай. Чаму?
— Сучасны глядач на класічныя п’есы і спектаклі ўвогуле ходзіць даволі цяжка. У нас ёсць, так бы мовіць, больш дэмакратычныя праекты накшталт спектакля «Гаральд», заснаванага на акцёрскай імправізацыі. Гледачы ўспрымаюць яго неяк прасцей. А такія творы, як «Азірніся ў гневе», патрабуюць грунтоўнай працы мыслення, і гэта даволі цяжка для гледача. Гэта выклік. Таму ажыятажу на гэты спектакль няма і не будзе. Яшчэ і пасля складанай пандэмічнай сітуацыі ў грамадстве ёсць агульная напружанасць і стомленасць.
— Я, прызнацца, увогуле не чакаў ад вашых акцёраў такой самаадданасці. На мой погляд, такія грунтоўныя і дасканалыя спектаклі маглі б ісці ў любым прафесійным тэатры Мінска.
— «Азірніся ў гневе» — мая першая пастаноўка, якую я ажыццявiў у тэатры «На балконе» як мастацкі кіраўнік. Мне было вельмі важна пазнаёміць удзельнікаў, якія сабраліся на той момант у калектыве, з нейкім прафесійным падыходам да працы. Я не стаўлюся да тэатра «На балконе» як да аматарскага, ён бачыцца мне больш як студыя, у якой сабраліся людзі рознага кшталту, рознага ўзроўню адукацыі і тэатральнай падрыхтоўкі. Усе яны могуць знаёміцца з фундаментальнымі ведамі і навыкамі, якія сёння існуюць у сучасным тэатральным працэсе. Я ім усё гэта магу даць. І далей гэта іх пытанне, наколькі дасканала яны імі авалодаюць.
— Гэта выпускнікі БДУ ці людзі «з вуліцы»?
— «З вуліцы» людзей у нас няма. Усе ўдзельнікі праходзяць адбор. Гэта альбо студэнты, альбо выпускнікі БДУ, альбо людзі, якія мелі ці маюць нейкія прафесійныя стасункі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам.
— Андрэй Віктаравіч, можна сказаць, што тэатр «На балконе» — гэта брэнд?
— Безумоўна, гэта брэнд, які мае свае плюсы і мінусы.
— У чым мінусы?
— Перш за ўсё ў тым, што тэатр «На балконе» ўсё яшчэ лічыцца чыста студэнцкім, а гэта ўжо даўно не так. Магу дакладна сказаць, што гэта ўжо сучасны таленавіты студыйны тэатр, у якім адбываецца шмат эксперыменту і лабараторнай працы.
— Андрэй Віктаравіч, якія перспектывы сёння ў такіх невялікіх калектываў, калі нават нашы мастадонты, прафесійныя трупы часам скардзяцца на існуючыя праблемы?
— Я думаю, з аднаго боку, такія тэатры могуць быць стартавай пляцоўкай для тых, хто сапраўды зацікавіцца тэатрам і гэтай прафесіяй і зможа пайсці далей. Таксама яны могуць быць флагманамі лабараторнага руху, а ў іх нетрах могуць нараджацца цікавыя праекты. Сёння мы не ацяжараны неабходнасцю падтрымліваць рэпертуар, як вялікія калектывы, у нас могуць праходзіць даволі рызыковыя эксперыментальныя праявы, і мне падаецца, што перспектыва ў гэтым кірунку ёсць. Канешне, нам складана, таму што шмат альтруізму, а рэсурсаў, каб падтрымліваць удзельнікаў матэрыяльна, не так многа.
— А вы самі раней глядзелі спектаклі тэатра «На балконе»? Ці прысутнічаў у вашым жыцці фестываль «Тэатральны куфар БДУ», арганізатарам якого з’яўляўся тэатр?
— У вашай біяграфіі ёсць і Купалаўскі тэатр, і ТЮГ…
— У Купалаўскім тэатры я працаваў падчас навучання ў Беларускай акадэміі мастацтваў, далей два гады быў рэжысёрам у Тэатры юнага гледача. У Купалаўскім перада мной ставілі вузкія задачы, а ТЮГ лічу пачаткам сваёй творчай дзейнасці. У той час там працаваў цудоўны рэжысёр і педагог Андрэй Андросік, які мяне туды і запрасіў. Ён мне шмат даў у плане рэжысёрскай школы.
— Вы працягваеце весці прыватныя курсы акцёрскага майстэрства? Наколькі гэта значная частка вашага жыцця?
— Педагогіка ўвогуле значная частка майго жыцця. Дарэчы, і ў тэатры «На балконе» заўсёды ідзе навучальны працэс.
— На ваш погляд, чаму маладыя людзі ідуць сёння ў акцёрскую прафесію?
— Мастацтва дае магчымасць больш спазнацца з самім сабой. У тэатры можна нырнуць у творчую рэалізацыю, знайсці сябе. Тэатральная творчасць — гэта стварэнне новага сусвету, новых вобразаў. У іншых прафесійных сферах зусім іншыя творчыя інструменты, а тэатр і акцёрства даюць магчымасць знаходжання ў нейкім напружаным і натхняльным творчым патоку, творчым акце.
— Вы пагадзіцеся з выказваннем Томаса Мана: «У тэатр прыходзіць натоўп, а выходзіць народ»?
— Я думаю, гэта даволі спрэчнае выказванне. Можа, раней, калі не існавала інтэрнэту і тэлебачання і тэатр разам з літаратурай былі адзіным спосабам уздзеяння на гледача, гэта так і было. Аднак сёння я ўжо не магу пагадзіцца з такім выказваннем.
— Калісьці вы ставілі спектакль «Бі-лінгвы» ў папулярнай тэхніцы «вербацім». Якія, на вашую думку, у яго сёння перспектывы?
— Не магу сказаць, што вербацім — сёння нешта вельмі чаканае гледачом. Вербацім усё ж такі трошкі адпрацаваў сваё. Яго месца займае дакументальны тэатр, спектаклі, заснаваныя на дакументах. І сам гэты кірунак мусіць пайсці кудысьці далей і будзе шукаць новыя інструменты выразнасці.