Нікому такі герой быў не патрэбны. Ну, каму наогул патрэбны герой сярод лялек?

Іх задача — па волі гаспадара забаўляць, усміхацца, танцаваць, разыгрываць гісторыі для людзей. Вось за нітачку пацягнулі — і Балерына закруцілася, за іншую цягнуць — Арап кідаецца ў скокі са сваім любімым какосам. І гэта ж цікава! Ну, як мінімум — каларытна. А чым можа здзівіць лялька Пятрушкі? Нязграбны небарака, непаслухмяны і непаваротлівы… Адны толькі «не». І яшчэ: не чакалі ад яго геройства, дакладна. Нават калегі-лялькі, кожная з якіх з’яўляецца служкам тэатра, за жыццём якога мы назіраем падчас прагляду балета «Пятрушка» кампазітара Ігара Стравінскага.

Фота тут и далей: БЕЛТА.

Балет з’явіўся ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. Але па вялікім рахунку гэта прэм’ера ўсё ж такі пачатку ХХ стагоддзя: адзін са спектакляў легендарных «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева, што некалі скарылі Еўропу, аднавіў на сцэне беларускага Вялікага народны артыст Расіі Андрыс Ліепа.

Зрэшчы, менавіта да гісторыі сусветнага балета і трэба адносіць гэтую пастаноўку. У пачатку мінулага стагоддзя «Рускія сезоны» здзейснілі сапраўдную рэвалюцыю, прычым не толькі сцэнічную, але і ў музыцы. У 1910 годзе быў пастаўлены балет «Жар-птушка», а «Пятрушка», што з’явіўся ў 1911 годзе, літаральна перавярнуў музычны свет Еўропы. Новае адчуванне ХХ стагоддзя прапанаваў Ігар Стравінскі: казачная гісторыя ў яго інтэрпрэтацыі набыла драматычнае гучанне і зусім не тыповы фінал для рускіх казак: дабро не абавязкова перамагае, нават калі нам гэтага вельмі хочацца. Напачатку ўсё і выглядае як казка…

Прэм’ера балета «Пятрушка» была прадстаўлена ў Парыжскім тэатры «Шатле» ў 1911 годзе і мела ашаламляльны поспех. У спалучэнні з музыкай Стравінскага харэаграфія Міхаіла Фокіна падавалася наватарскай. Але сюжэт і яго вырашэнне былі закладзеныя аўтарам лібрэта, заснавальнікам аб’яднання «Свет мастацтва» Аляксандрам Бенуа, які стварыў сцэнаграфію ў пастаноўцы.

Зразумела, чаму еўрапейскаму гледачу таго часу трэба было паказваць адметнасці Санкт-Пецярбурга: гэта была нябачаная экзотыка. Увесь гэты спектакль створаны з разлікам на «таго» гледача. Тут народныя гулянні (і матывы), просты люд, што весяліцца падчас Масленіцы, — дзіва дзіўнае, каб у вытанчаным балеце ў той час наогул паказвалі звычайных людзей «з вуліцы». А зрэшты — гэта ж у Парыжы… Па вопратцы зразумела, што за краіна і які гэта час. Нават мядзведзь, якога выводзяць на сцэну падчас народных гулянняў, з’яўляецца адным з сімвалаў культуры, якую «Рускія сезоны» адкрывалі Еўропе. Агаломшаная — калі нават у балеце ходзяць мядзведзі — Еўропа адрэагавала: «Ух!..» Такога яшчэ не бачылі.