Магілёўскі абласны драматычны тэатр заснаваны 15 мая 1888 года.
Будынак тэатра пабудаваны ў 1888 годзе па праекце архітэктара Пятра Камбурава на дабраахвотныя ахвяраванні гараджан. Да 1928 года ў тэатры не было сталай трупы, перасоўную рускую трупу стварыў акцёр і рэжысёр Уладзімір Уладзіміравіч Кумельскі. У 1931 годзе калектыў стаў называцца Першым рускім тэатрам БССР, а ў 1932 – Дзяржаўным рускім тэатрам БССР. У 1947 годзе ён быў пераведзены ў Мінск. У 1954 годзе ў Магілёў пераехаў тэатр з Пінска.
Сёння трупа Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра налічвае больш за 40 артыстаў, пераважна маладога ўзросту, а таксама мае ў сваім складзе ансамбль класічнай і сучаснай музыкі «Экспромт-Класіка». Ганаровае званне «Народны артыст Беларусі» мае акцёр тэарта Рыгор Белацаркоўскі, ганаровыя званні «Заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь» і «Заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі» маюць адпаведна Васіль Галец і Аляксандр Палкін.
Калектыў працуе ў будынку, рэстаўрацыя якога скончылася ў 2000 годзе. Рэпертуарную афішу складаюць больш за 30 вячэрніх спектакляў для дарослага гледача (у тым ліку камерных) і 11 казак для дзяцей, пастаўленых па творах айчынных і замежных аўтараў – як сучасных, так і класічных.
Тэатр праводзіць грунтоўную выхаваўчую працу сярод дзяцей і моладзі. Добрай традыцыяй стала правядзенне ў тэатры праграмы «Урокі эстэтыкі, этыкі і маральнасці», у рамках якой навучэнцам і студэнтам прапануюцца спектаклі, якія маюць выхаваўчае значэнне: «Казкі старога Арбата» А.Арбузава, «Скарына» М.Рудкоўскага і С.Варнаса, «Аднакласнікі» Ю.Чарняўскай, «Апошні» В.Ткачова, «Вечар» А.Дударава і інш.
З сакавіка 2001 года ўстанову культуры «Магілёўскі абласны драматычны тэатр» узначальвае дырэктар Новікаў Андрэй Фёдаравіч. У 2014 годзе галоўным рэжысёрам тэатр з’яўляецца Саўлюс Варнас.
З 2006 года па ініцыятыве Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра штогод праводзіцца Міжнародны маладзёжны тэтральны форум «М.@rt.кантакт», які стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей у тэатральнай прасторы Беларусі. Гэты форум створаны з мэтай развіцця і прапаганды тэатральнага мастацтва шляхам паказу лепшых сцэнічных твораў для моладзі тэатрамі розных краін, а таксама дзеля папулярызацыі тэатральнага мастацтва, выяўлення і падтрымкі творча адораных акцёраў і рэжысёраў, развіцця і ўмацавання міжнародных культурных сувязей. Дзякуючы правядзенню форума, магілёўскі глядач мае магчымасць пазнаёміцца з найлепшымі ўзорамі сусветнага тэатра, у тым ліку і найбольш знакавымі айчыннымі пастаноўкамі.
Актыўна прыцягваліся да ажыццяўлення пастановак вядомыя ў рэспубліцы і за яе межамі рэжысёрскія кадры: В.Савіцкі, А.Гарцуеў, Ю.Лізянгевіч, Л.Натапаў, М.Лашыцкі, В.Еранькова, Н.Башава, А.Дольнікаў, А.Жугжда, А.Гузій і інш. У апошнія гады ў тэатры ажыццяўлялі пастаноўкі рэжысёры, чые працы атрымлівалі высокую ацэнку грамадскасці і экспертаў: лаўрэаты Нацыянальнай тэатральнай прэміі Саўлюс Варнас і Кацярына Аверкава, удзельнік і пераможца розных конкурсаў і фестываляў Уладзімір Пятровіч, вядомы беларускі рэжысёр Міхаіл Лашыцкі, малады дэбютант і вучань Мікалая Пінігіна Віталь Краўчанка і інш.
Спектаклі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра знаходзяць прызнанне сярод гледачоў і заслугоўваюць станоўчыя водгукі тэатральных крытыкаў, шырока асвятляюцца ў СМІ, атрымліваюць прэстыжныя ўзнагароды на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах. Калектыў тэатра актыўна гастралюе па Беларусі і за яе межамі, удзельнічае ў міжнародным фестывальным руху ў Беларусі, Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Германіі, Арменіі і іншых краінах.
Магілёўскі абласны драматычны тэатр неаднаразова станавіўся пераможцам Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія»: у 2012 годзе – за спектакль «Аднакласнікі» Ю.Чарняўскай у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай (у намінацыі «Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара»), у 2014 годзе – за спектакль «Фрэкен Жулі» А.Стрындберга ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса (у намінацыі «Лепшая рэжысёрская работа ў спектаклі тэатра драмы»), а ў 2016 годзе прэміяй у намінацыі «Лепшая мужчынская роля ў спектаклі тэтра драмы» ўзнагароджаны акцёр тэатра Іван Трус за выкананне ролі Васіля Познышава ў спектаклі «Крейцарава саната» Л.Талстога ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса. Актрыса Алена Крыванос за вялікі ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва ў 2013 годзе была ўганаравана прызам «Крыштальная зорка».
Разнастайны рэпертуар і таленавітыя рэжысёры з’явіліся адной з тых асноў, якія падтрымліваюць трупу ў добрай творчай форме, даюць магчымасць назапашваць мастацкі патэнцыял. Сёння Магілёўскі абласны драматычны тэатр, маючы багатую гісторыю і творчую спадчыну, адкрыты для наватарскага пошуку і новых здзяйсненняў.
Кантактная iнфармацыя
Адрас: г. Магілёў, вул. Першамайская, 7
Сайт: mdrama.by