«Дзікім паляваннем караля Стаха» закрыўся ў Гомелі XІІІ Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Славянскія тэатральныя сустрэчы».

Узнагароду атрымлівае мастацкі кіраўнік Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі

Восем спектакляў, што акцёры з Расіі, Польшчы, Украіны, Беларусі ігралі двойчы на дзень, паспелі паглядзець гомельскія тэатралы і журы, якое ўзначальваў дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі. Ён адзначыў, што:

— Вельмі хочацца, каб гэты фестываль развіваўся і жыў. Не толькі ў сталіцы краіны, але і ў рэгіёнах павінна быць яркае культурнае жыццё. І гэты выдатны фестываль у Гомелі — прамы таму доказ.

Псіхалагічны дэтэктыў па аповесці Уладзіміра Караткевіча стаў той фінальнай кропкай, якая па-сапраўднаму ўразіла прыхільнікаў Мельпамены. Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача зрабіў сваю інсцэніроўку культавага твора беларускай літаратуры. Высокі ўзровень сцэнічнага майстэрства трупы і рэжысура спектакля (ён пастаўлены мастацкім кіраўніком тэатра Уладзімірам Савіцкім), былі адзначаны журы. ТЮГ узяў адразу тры лаўрэацкія ўзнагароды. «Дзікае паляванне караля Стаха» прызнана найлепшай пастаноўкай па рэжысуры, а таксама за выкананне галоўных мужчынскай і жаночай роляў. Дыпломы і прызы атрымалі Аляксандр Палазкоў і Кацярына Крылова.

Ацаніла журы і акцёрскае майстэрства гамяльчан у спектаклі «Рамэа і Джульета». Лаўрэатам у намінацыі «мужчынская роля другога плана» названы Юрый Марціновіч, а прыз за найлепшы акцёрскі дуэт дастаўся Анастасіі Задорынай і Сяргею Лагуценку. Незабыўнае ўражанне на гледачоў, крытыкаў і журы пакінула «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (па п'есе беларускага драматурга Уладзіміра Рудава). Такім чынам трупа Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі заваявала два лаўрэацкія дыпломы. Украінцы атрымалі ўзнагароды «За найлепшы акцёрскі ансамбль» і «За найлепшы спектакль».

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Фота Уладзіміра СТУПІНСКАГА

Крыніца: zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад камедыі да хорара