Заўсёды з хваляваннем вымаўляю імя Аляксея Дударава. Яго творчасць  – выключная з’ява нашай нацыянальнай культуры. Ён вядомы як таленавіты акцёр, драматург, сцэнарыст, тэатральны дзеяч. Яго творчай біяграфіі можа пазайзросціць кожны. Вось толькі некаторыя яе штрыхі: пасля заканчэння ў 1976 г. Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута быў акцёрам, загадчыкам літаратурна-мастацкай часткі Беларускага рэспубліканскага Тэатра юнага гледача, у 1979-1983 гг. працаваў у сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання, быў галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва Беларусі” (з 1991 па 2002 гг.; з 1992 г. назва выдання – “Мастацтва”).  З 1992 па  люты 2023 г. – Старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз тэатральных дзеячаў”. Кожная дата, старонка біяграфіі Аляксея Ануфрыевіча прыцягальная і выключная. Ён нарадзіўся 6 чэрвеня 1950 года. Пакінуў зямное жыццё 27 лютага 2023 года. Але застаецца побач з намі, яго калегамі, роднымі і блізкімі яму людзьмі. У гісторыі і на сучаснай сцэне вабіць і заварожвае Тэатр Аляксея Дударава,  які з’яўляецца з’явай і сапраўдным адкрыццем.

Першай п’есай драматурга быў “Выбар”, пастаўлены ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце і Тэатры юнага гледача. І на ўсё далейшае жыццё выбар тэатра для Аляксея Ануфрыевіча стаў невыпадковым.

Асабліва прыкметнымі, на мой погляд, сталі спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы: “Радавыя”, “Парог”, ”Вечар”, “Ядвіга”, “Князь Вітаўт”, “Чорная панна Нясвіжа”. У рэпертуары тэатра – гэта пастаноўкі яркія і знакавыя, звязаныя з творчасцю выдатных майстроў беларускага тэатра. Усе яны пастаўлены па творах аднаго драматурга ў сцэнаграфіі Барыса Герлавана і рэжысуры Валерыя Раеўскага. Гэта сведчыць аб тым, што трох названых творцаў аб’ядноўвае агульнае аўтарства і адзін погляд на канкрэтныя падзеі і асобы. Такім чынам, можна гаварыць аб самабытным тэатры драматурга, рэжысёра і мастака. Адметнасць кожнага са сцэнічных твораў: арыгінальнасць сюжэтаў, філігранная выбудаванасць, рапрацаванасць мізансцэн, узаемаадносін персанажаў.

Адным з першых узрушальных спектакляў сталі “Радавыя” (1984). Сцэнічная прастора пастаноўкі застаецца жывой і рухомай на малюнках у першапачатковай задуме Б. Герлавана. Эскіз дэкарацыі да спектакля нагадвае рознакаляровую фрэску, на якой імкнуцца ўвышыню тонкія лініі гатычнага храма з абазначанымі лікамі святых і Маці боскай. На асноўным карычневым фоне яркімі светлымі фарбамі намаляваны твары, упісаны фрагменты памяшкання, башняў і частак аргана. Менавіта ў разбураным храме і адбывалася дзеянне “Радавых”. Тут лёс зводзіў розных людзей, якія пакутавалі ад жорсткай вайны і якія раскрываліся адзін перад адным у нечаканым, новым для сябе свеце.

Сціплыя сцэнаграфічныя прадметы дапамагалі персанажам: на іх можна было не толькі прысесці, але і звярнуцца са шчырымі словамі да прыгожых твараў мадон і апосталаў, якія пільна сачылі за жывымі людзьмі з абгарэлых палотнаў. Касцёл быў жывым і зменлівым – сюды праз шчыліны і высокія вокны даходзілі промні святла і сонца, апускаўся начны змрок і холад, часам слаўся дым ад далёкіх выбухаў і яшчэ і яшчэ раз нагадваў, што побач небяспека. Агульная ж колеравая гама была мякка-карычневай, на якой графічна вымалёўваліся твары дзеючых асоб, фрагменты храма. Стройна выбудаваная драматургія канцэнтравала, акрэслівала не толькі месца дзеяння, але і стварала трывожную атмасферу ваенных падзей, аб якіх распавядалі героі. Усё было накіравана на іх маналогі і дыялогі – гэтаму садзейнічаў дакладны светавы малюнак і шумавое афармленне. Гераічна-узнёслы аповед “Радавых” А. Дударава быў узмоцнены  на купалаўскай сцэне, а драматычнае дзеянне ператваралася ў высокую трагедыю і незабыўную гісторыю беларускага народа.  У фінале спектакля абрысы касцёла знікалі – дэкарацыя спаўзала ўніз, нібы мяккае адзенне – і пад ёй узнікаў іканастас з партрэтаў загінуўшых радавых салдат на Вялікай Айчыннай вайне.

Надзвычай сучаснай і сёння застаецца і п’еса “Парог”, пастаўленая ў Купалаўскім тэатры ў 1983 г. На сцэне была зафіксавана кватэра пісьменніка Пакутовіча, вобраз якога неадназначны для драматурга.  Драўляныя стаўкі, здольныя трансфармавацца – расхінаць дзверы і выбудоўваць сцены жылля – з’яўляліся знаходкай мастака, таму што кватэра галоўнага героя з абразамі, гадзіннікам-ходзікам, люстэркам у драўлянай раме, насценнай лямпай і фотаздымкамі продкаў – адзіная сама па сабе і абсталявана толькі ў адпаведнасці з перавагамі і патрабаваннямі канкрэтнага чалавека. Гэта кватэра ў спектаклі мела сімвалічнае значэнне. Яна была не толькі звычайным ўтульным пакоем, але і прытулкам адзінокіх наведвальнікаў галоўнага героя і іншых персанажаў. Яна была своеасаблівай жывой інстанцыяй, унесенай у зямное існаванне, каб дапамагчы тым, хто прагне спачування і душэўнай цеплыні, магчымасці выгаварыцца, нібы на споведзі, перад іншым, такім жа выкінутым са свайго ўласнага жыцця, чалавекам. Дзякуючы гульні святла, кожная мізансцэна спектакля з рэальнай ператваралася, то ў фантастычны сон, то ў шматфарбнае няпростае для прачытання палатно, на якім былі выпісаны дзеючыя персанажы: Андрэй Буслай, Аліна, Драгун, Маці і Бацька Буслая. Праз іх узаемаадносіны, дыялогі і прызнанні прачытвалася важная для купалаўскай пастаноўкі тэма – абуджэнне асобы ў чалавеку, які страціў усё ў сваім жыцці. Такім чынам спектакль, асновай якога была таленавітая драматургія, здавалася б, са звычайнай гісторыі лёсу набываў няпростае сучаснае гучанне і рабіў яго герояў выключнымі і адзінымі.

Відовішчнасцю і маштабнасцю прасторавага рашэння вызначаюцца  спектаклі “Князь Вітаўт”(1997) і “Чорная панна Нясвіжа” А. Дударава (2000).

У “Князі Вітаўце” тэатр расхінаў перад гледачом прастору, толькі дакрануцца позіркам да якой азначала – увайсці ў свет таямнічай гіс­торыі беларускага і літоўскага народаў, свет сапраўднай трагедыі, якая вось ужо многія стагоддзі звязвае і раздзяляе нас, няспынна заварожвае і далучае ў новы кругаворот усё новыя і новыя пакаленні. Па-майстэрску ўзведзеная на сцэне магутная гарадская брама, якая імкнулася далёка ўвышыню, пад каласнікі, не з’яўлялася нечым аморфным, зас­тылым. Яна імгненна трансфармавалася, то ў Замкавую плошчу ў Вільні, то ў пакоі князя, то ў сцены каталіцкага храма, які нельга ўявіць сабе без узнёслай арганнай музыкі. У канструкцыі Б. Герлавана была задзейнічана ўся прастора сцэны: ад каласнікоў да планшэта. Пры­чым, усё збудаванне, здавалася незвычайна лёгкім, выкананым з даб­ротных матэрыялаў і высакародных металаў. Мастацкае афармленне “Князя Вітаўта” вабіла яшчэ і тым, што яно з’яўлялася не проста прыгожым і велічным, але, перш за ўсё, сугучным драматургіі А. Дударава – трапяткім, адухоўленым, надзеленым жывой душой… Спакойныя твары святых, застылыя ў цёмных аканіцах, засяроджана назіралі за ўсім тым, што адбывалася, па-свойму беражліва захоўвалі тое сапраўднае і чалавечнае, што павінна не памерці і застацца ў вяках.

Часткай сцэнічнай прасторы “Князя Вітаўта” і яе прадаўжэннем з’яўляліся касцюмы персанажаў. Мужчынскія ўборы былі надзвычай сучаснымі па кроі і матэрыялах – выкананыя з тонкай скуры і дапоўненыя металічнымі ўпрыгожаннямі. На­туральныя тканіны і ўпрыгожанні ў тэатры ХХI стагоддзя ізноў вяртаюцца на сцэну і становяцца своеасаблівым адкрыццём для сучаснага гледача, якога даўно ўжо прымусілі забыць аб падобным сапраўдным панаванні прыгажосці на сцэне. У спектаклі з’яўляліся  адухоўленымі не толькі аксэсуары, прадметы і дэталі, але жывой, дыхаючай станавілася і сама прасто­ра, якую насялялі героі спектакля. Яна змяшчала ў сабе той далёкі, цудоўны і жорсткі час, які сучасны глядач разам з тэатрам прачытваў і разгадваў.

 У чароўнай дудараўскай “Чорнай панне Нясвіжа”, якая мае высокае паэтычнае гучанне радкоў і дыялогаў, пастаноўшчыкамі спектакля на сцэне створана відовішча яркае і незабыўнае. Сцэнічная прастора спектакля прадстае незвычайнай і загадкавай, якім толькі можа быць сон аб вялікім каханні караля Жыгімонта і Барбары Радзівіл, якое невыпадкова ўжо не адно стагоддзе жыве ў памяці патомкаў. Чорны колер робіць сцэну не толькі таямнічай, але і больш глыбокай, недасягальнай і бясконцай. На працягу ўсяго сцэнічнага дзеяння застаюцца нязменнымі абрысы касцёла з лёгкакрылымі анёламі, выявай Маці Боскай, абрамляючымі парталы рухомымі фігуркамі святых. Але пры гэтым нішто з дэталяў і прадметаў не замінае ні гледачам, ні выканаўцам. Усё прадумана да дробязей і дакладна працуе на кожную мізансцэну. Нават маленькая залатая магільная агароджа незаўважна ператвараецца, то ў сціплую лаўку на дарожцы парка, то ў раскошнае крэсла каралевы Боны.

Неад’емнымі ад прапанаванай прасторы ў “Чорнай панне” з’яўляюцца касцюмы персанажаў, якія інакш і нельга назваць, як касцюмныя кампазіцыі. Яны не толькі падкрэсліваюць, але і ствараюць атмасферу ў ва многіх цікава пабудаваных мізансцэнах. Датычыць гэта ў першую чаргу шматлікіх эфектных выхадаў Боны і фрэйлін, якія заўсёды акружаюць і суправаджаюць яе. Мяняюцца колеры: ад барвовых, яркіх, залатых да пастэльных – пяшчотна-блакітных. Іншымі становяцца ўпрыгожанні, галаўныя ўборы, пластыка саміх мізансцэн, але пры гэтым застаецца нязменнай усё тая ж раскоша, вытанчаныя манеры паненак, павольная адточаная хада, спляценні рук і рухаў. З усяго гэтага, здаецца, і складаецца мастацтва інтрыгі, якая нібы ў жывапісных палотнах, прадэманстравана ў сцэнаграфіі спектакля.

Дудараўскі “Вечар” мае дачыненне да тэатра неаднадзённага, а да таго, які жыве амаль бясконца. Спектакль, пастаўлены В. Раеўскім у 2006 г. у сцэнаграфіі Б. Герлавана на вялікай сцэне Тэатра імя Я. Купалы, напоўнены глыбокім таямнічым сэнсам чалавечага жыцця. Сцэнічны твор атрымаўся камерным па сваім гучанні. Прастора яго ўтульная і свядома акрэсленая для існавання трох галоўных герояў у няпросты перыяд іх жыцця – ім далёка за семдзесят. Мастацкае афармленне “Вечара” рэалістычна-умоўнае, акрэсленае містычна-філасофскім гучаннем і напоўненае зменлівымі фарбамі позняй восені. На замеценай асеннім лісцем сцэне акрэслены вясковы двор з драўлянымі лаўкамі, прыстасаваннем для габлявання дошак са сталом і рубанкам. Сціплыя прадметы сведчаць і аб такім жа сціплым жыцці людзей – кошык, чыгункі пад лаўкай, тапор. Вядро калодзежа таямніча з’яўляецца не з рэальнага збудавання, а аднекуль высока з нябёсаў і заўсёды напаўняе вадой вёдры, з якімі падыходзяць героі спектакля. Час ад часу на задніку сцэны з’яўляецца экран, на якім, нібы ў высокім акне, выплывае блакітнае неба, якое нечакана змяняецца чырванню захаду. Нязменным на фоне гэтых фарбаў застаецца фрагмент калодзежа з напоўненым звісаючым вядром. Усё жыццё персанажаў жывілася гэтай вадой і прамільгнула як адзін дзень – ад світанку да нечаканага ціхага вечара, пасля якога магчымы толькі надыход ўсепаглынаючай ночы. Нездарма восеньскае лісце ўсё больш і больш засцілае сцэнічную пляцоўку, нібы назапашвае няспынны час кожнага персанажа і прадказвае хуткае прыбліжэнне холаду і зімы.

Вялікае значэнне ў пабудове сцэнічнай прасторы надаецца асвятленню. Яно змяняецца ад жоўта-блакітнага, лілова-чырвонага – да шэрага, паступова пераходзячага ў празрыста-выбеленае і адштурхальна-халоднае. Драматургам ва ўсёй стройнай, строгай і прадуманай пабудове дзеяння апаэтызаваны і ўзвышаны да высокай трагічнай ноты вечар чалавечага жыцця, калі асабліва востра адчуваецца і адзінота, і невяртальныя страты, і непазбежнасць развітання з пакуль яшчэ цёплай і прыхільнай восенню. У мастацкім афармленні Б. Герлавана і рэжысуры В. Раеўскага дудараўскі “Вечар”, напісаны ў жанры камедыі, набывае драматычны сэнс і высокае ўзнёсла-паэтычнае, трапяткое гучанне.

Брутальны, жорсткі і няпросты час быў знітаваны з візуальна эфектнай прасторай спектакля “Ядвіга” А. Дударава (2008). П’еса аўтара звяртаецца да падзей далёкага XVI ст., у якім жыла галоўная гераіня, акцэнтуе ўвагу на яе лёсе і трагічным каханні. Своеасаблівай прадмовай да спектакля з’яўляўся экран з крывавымі падцёкамі, які нечакана знікаў – ён толькі ўносіў у сцэнічнае дзеянне пэўны эмацыйны настрой – напружаны, трывожны і хвалюючы. Невыпадкова мастак акрэсліваў чорны кабінет сцэны тонкай металічнай заслонай, якая мела здольнасць імгненна трансфармавацца, выбудоўваць мізансцэну, быць адначасова і праходам, і сцяной змрочнага замка, дзе адбываліся размовы, вяліся дапросы, магло быць здзейснена  забойства і тут жа схавана за каменнымі сценамі. Эфектная металічная заслона, з’яўлялася дзеючым неадухоўленым персанажам спектакля. Яна ўвесь час была рухомай: то ачэрчвала раскошныя пакоі, то перасякала сцэну, тым самым падкрэсліваючы іншае месца дзеяння. А ў фінале спектакля спадала амаль да самага планшэта і станавілася падобнай на агароджу парка, дзе сустракаліся галоўныя героі. Увесь час мяняліся і колеры заслоны – ад чорна-залатых да яркіх, срэбна-выбеленых у залежнасці ад асвятлення. У мастацкае афармленне спектакля быў уведзены тонкі лазерны промень, які  ўзмацняў дзеянне асобных, напружаных мізансцэн і мадэліраваў прастору, робіў яе надзвычай дынамічнай. Рухомая заслона была выдатным фонам для філігранна распрацаваных жаночых касцюмаў і строгіх вопратак мужчын. На ёй вымалёўвалася зусім невядомае раней палатно сярэднявечча: элегантныя строі ў абрамленні металу, з якога не было выйсця, графічна зафіксаваныя прывабныя вобразы і іх душэўныя станы, пачуцці персанажаў. У сваіх раскошных касцюмах выдзялялася Ядвіга. У першых сцэнах гераіня з’яўлялася ў сукенцы цёмна-карычневага колеру жалобы, затым змяняла яе на пяшчотна-зялёную, а ў фінале белы колер адзення галоўнай гераіні быў колерам яе нядоўгага кахання, асвятляў  сцэну, убор з’яўляўся часткай бясконца чыстай прасторы. Тэатр  дакладна ствараў атмасферу эпохі і падкрэсліваў, якім невыносна цяжкім было існаванне асобы ў тыя змрочныя часы, і якой дарагой цаной давалася сапраўднае каханне.

Відавочна, штона мяжы XX–XXI стагоддзяўна беларускай сцэне існавала такая з’ява як маштабны гістарычны спектакль. Дзякуючы драматургічным творам Аляксея Дударава, магутныя князі: Вітаўт, Ягайла, Уладзімір; жаночыя вобразы Рагнеды, Ядвігі, Барбары Радзівіл – толькі ўзбуйніліся і ярка вымаляваліся ў выключных тэатральных пастаноўках, якія  адлюстроўвалі  і падкрэслівалі значнасць часу, яго падзей, імгненняў зямнога жыцця, веліч чалавека і асобы.

Творы майстра і сёння не сыходзяць са сцэны. Тэатр Аляксея Дударава працягваецца і ў яго адной з апошніх п’ес “Пёс белого острова” (на рускай мове), якая звернута да складанага ўнутранага свету чалавека, яго мар, ад якіх ніколі не трэба адмаўляцца. Гэта мудрая, бліскуча выпісаная п’еса-прытча адрасавана сучаснаму гледачу. Тэатр выдатнага драматурга працягваецца ў роздуме над лёсам галоўнага героя і прагай такога звычайнага для кожнага з нас: шчасця, дабрыні і ўнутранай свабоды.

                                                                                               Вераніка Ярмалінская