(да 120-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі СССР і народнай артыскі Беларусі)


Стэфанія Станюта – зорка першай велічыні на небасхіле беларускага тэатра. Яна адна з самых яркіх, таленавітых жанчын свайго часу, бліскучая актрыса пакінуўшага нас дваццатага стагоддзя. Стагоддзя, у якім з’явіўся прафесійны нацыянальны тэатр і прафесія акцёра была бадай што самай прэстыжнай з усіх існуючых тэатральных прафесій.
Стэфанія Міхайлаўна Станюта нарадзілася 13 мая 1905 г. у Мінску ў сям’і мастака. Маленькай дзяўчынкай марыла аб сцэне, ніколі не баялася падмосткаў і глядзельнай залы. Была смелая і бясстрашная. У чатырнаццацігадовым узросце выходзіла на сцэну ў спектаклях Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Любіла завучваць рэплікі, уважліва слухала парады рэжысёра. Іграла гарэзлівых дзяўчатак і марыла аб сапраўдных ролях. Крыху пазней скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926) пад кіраўніцтвам вядомага педагога Валянціна Смышляева, які любіў сваіх выхаванцаў і кіраваўся ў сваей практыцы творчым метадам Канстанціна Сяргеевіча Станіслаўскага.
Менавіта з урокаў педагогаў МХАТа і Валянціна Смышляева Стэфанія Міхайлаўна вынесла галоўную ісціну, якую пранесла праз усё сваё акцёрскае жыццё: любую ролю, якою б яна не была – эпізадычную ці галоўную – трэба іграць як самую любімую і апошнюю, якую табе могуць прапанаваць. Гэта адкрыццё і стала глыбіннай сутнасцю і асноўным законам яе творчасці.
Пасля заканчэння Маскоўскай студыі, з 1926 года Стэфанія Станюта працуе ў Другім беларускім дзяржаўным тэатры, які сёння мае назву Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. С.Станюта была занята амаль у ва ўсім рэпертуары і выконвала самыя разнастайныя ролі: Агавы («Вакханкі» Эўрыпіда), Тытаніі («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), Псіхеі («Эрас і Псіхея» Е.Жулаўскага). Шэраг роляў быў сыграны і ў савецкім рэпертуары: Манюні («Каля тэрасы» М.Грамыкі), Паліны («Авангард» В.Катаева, Людмілы Міхайлаўны і Настаўніцы («Рэйкі гудуць» і «Горад вятроў» У.Кіршона), Эмілі («Калі спяваюць пеўні» Ю.Юр’іна) і іншыя. І ў кожнай з названых роляў Станюта была непадобнай на саму сябе, непазнавальнай, і заўсёды самай яркай і запамінальнай на сцэне.
Далей лёс Стэфаніі Міхайлаўны складваецца так, што з 1931 года яна пераязджае ў Мінск і становіцца актрысай БДТ-1 (сёння – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы), які становіцца тэатрам усяго яе жыцця.

Тэатр пачатку дваццатага стагоддзя быў тэатрам своеасаблівым. Ён быў месцам дарагім і свяшчэнным. Магчыма таму, што так адносіліся да яго ўсе тыя акцёры, якія самааддана служылі сцэне. Тэатр 20-30-х гадоў XX-га стагоддзя менавіта і быў падобным на тых людзей, якія яго стваралі – простым і шчырым. Ён красамоўна паўстае сёння з захаваных эскізаў да спектакляў Аскара Марыкса і Канстанціна Елісеева. На малюнках усё пазнавальна і дакладна – сціплы інтэр’ер сялянскай хаты, дабротная мэбля купечаскага пакоя і раскоша княжаскага замка. Да дробязяў распісаны касцюмы персанажаў, у якіх захавана любоў да самаго ствараемага мастакамі спектакля.
Адна з першых самых значных роляў С.Станюты на сцэне БДТ -1 – Глафіра ў «Ваўках і авечках» А.Астроўскага (рэж. Л.Рахленка, 1936). Стэфаніі Міхайлаўне пашчасціла працаваць у спектаклі разам з Лідзіяй Ржэцкай, якая выконвала ролю Мурзавецкай – уладарная, самаўпэўненая і непахісная ў сваіх пераканяннях, гераіня Ржэцкай была фігурай каларытнай, непераможнай у сваёй ханжаскай набожнасці і крывадушшы. Яна нікога не любіла і не паважала апроч сябе і не бачыла перашкод у дасягненні сваіх эгаістычных мэт. Здабыць, «выгрызці» уласнае так званае шчасце любой цаной. Побач са Стэфаніяй Міхайлаўнай у спектаклі ігралі такія выдатныя акцёры, як Глеб Глебаў – хітраваты і вёрткі Чыгуноў, Уладзімір Уладамірскі – мітуслівы і ілжывы Апалон. Кантраст з Мурзавецкай складала арыстакратычная і высакародная Купавіна ў майстэрскім выкананні Вольгі Галіны. Стэфанія Станюта бліскуча ўпісвалася ў гэты зорны ансамбль. Было відавочна, што без яе ўдзелу спектакль быў бы не такім яркім, вострым і запамінальным амаль на цэлае стагоддзе.
Услед за Глафірай С.Станюта віртуозна выканала вобраз Дзіяны ў спектаклі «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вегі (рэж. В.Галаўчынер). Дасягненнем у творчай біяграфіі актрысы стала роля Зіначкі Зёлкінай у спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (пастаноўка І.Раеўскага, рэж. Л.Рахленка). Спектакль наогул стаў значнай тагачаснай тэатральнай з’явай. Ён узнімаў вострыя сацыяльныя праблемы, аб якіх раней не гаварылася з падмосткаў, выводзіў на сцэну яркія сатырычныя характары, якія ў фінале цярпелі крах. Зіначка Зёлкіна ў выкананні С.Станюты – асоба знешне цікавая і прывабная: элегантны ўбор і прычоска, прыгожая фігура, гнуткія дагледжаныя рукі з доўгімі пальцамі. У сваіх жа ўчынках асоба нікчэмная, мітуслівая, любіла навушнічаць і пляткарыць за спіной іншых. Актрыса знаходзіла дакладны пластычны малюнак вобраза, які выдатна супадаў з унутранай сутнасцю яе гераіні – яна ні на хвіліну не заставалася ў спакоі: выкручвалася, падкрадвалася, у абдымках і пацалунках імкнулася сказаць, данесці нейкае толькі што падслуханае глупства, каб толькі дагадзіць начальству.

Кожная роля ў выкананні С.Станюты набывала уласную непаўторную інтэрпрэтацыю. А спіс роляў даволі ўнушальны: пані Вашамірская («Салавей» З.Бядулі), Куліна Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Таццяна Андрэеўна («У ціхім завулку» А. Маўзона), Арына Радзівонаўна («Верачка» А.Макаенка), Каргота («Тры Іваны – тры браты» А.Вольскага), Рэчэл («Змова асуджаных» М.Вірты), Кашкадамава («Сям’я» І.Папова), Жабрачка («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Шарлота («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эліза («Скупы» Ж.-Б. Мальера), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.Фермо), Гіза («Гульня з кошкай» І.Эркеня), Мод («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.-К. Кар’ера) і шэраг іншых.
Прааналізаваўшы рэпертуар актрысы яе можна назваць каралевай камедыі, трагедыі, альбо прымадоннай лірычнай драмы. Нельга забываць і аб бліскучым выкананні эпізода С.Станютай, што ўдаецца не кожнай актрысе, здольнай выконваць галоўныя ролі. І нават у самай невялікай Станюта знаходзіла штосьці вельмі прывабнае ў характары, умела карысталася грымам, не баялася быць непрыгожай, непрывабнай. Наадварот – любіла быць смешнай і дзівакаватай, калі гэта было закладзена ў драматургіі. У дуэце са Станютай вельмі любіў іграць Глеб Паўлавіч Глебаў. У «Дні цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана (рэж. Л.Літвінаў, 1948 г.) яны ігралі да болю смешна, бліскуча і дакладна. Глебаў іграў Жуліа Мендозу, Станюта – дуэнню Даратэю. Даратэя ў выкананні актрысы была надзвычай жыццярадаснай, рухавай, зараджальна вяселай. Яе выхады ў спектаклі заўсёды суправаджаліся апладысментамі.
У «Салаўі» З.Бядулі С.Станюта некалькімі дакладнымі, графічнымі штрыхамі малявала рэалістычны, непрыглядны вобраз пані Вашамірскай. Усе было элегантным і бездакорным у яе знешнім выглядзе, але словы і думкі былі толькі аб уласнай выгадзе, нажыве. Бліскучы позірк быў халодным і выпраменьваў непрыступнасць і недасягальнасць гэтай жорскай, эгаістычнай асобы. І зусім нечаканай для гледача была роля Эрны Курціус у спектаклі «Асабняк у завулку» бр. Тур, дзе актрыса стварыла жанчыну-нацыстку, асноўнымі рысамі характара якой былі злосць і нянавісць да ўсяго жыцця і акружаючых.
У спектаклі «Гульня з кошкай» І.Эркеня (рэж.Б.Эрын, 1976 г.) Стэфанія Міхайлаўна сыграла адну з любімых роляў свайго ўласнага рэпертуару – Гізу, сястру Эржы, якую віртуозна выконвала Зінаіда Браварская. Падзеі п’есы і спектакля былі заснаваны на перапісцы дзвюх сясцёр, вельмі розных па характарах і ўчынках. Гіза ў выкананні Станюты была ўвасабленнем жаноцкасці, мудрасці і ўраўнаважанасці. Цудоўна, з густам апранутая і прычэсаная, не ведаючая ніводнага нязграбнага жэсту і нават павароту галавы, яна была ўвасабленнем нейкай ідэальнай жанчыны. Жанчыны, якая нібы сыйшла з жывапіснага палатна выдатнага майстра. Гіза заўсёды жыла правільна, без памылак і крыху зайдросціла сваёй эксцэнтрычнай, незалежнай сястры. Станюта стварала вобраз мяккі, спакойны, інтэлігентны, кантрастны, у параўнанні з гераіняй З. Браварскай. Разам жа дзве бліскучыя актрысы прадстаўлялі гледачам кранальны спектакль аб процілеглых лёсах двух розных жанчын, якія дапамагалі адна адной і дапаўнялі жыццё кожнай недастаючымі фарбамі. У спектаклі праводзілася думка аб тым, што якімі б рознымі мы не былі, нягледзячы на абставіны і процілегласць поглядаў, кожнаму трэба захоўваць у сабе дабрыню, чуласць і спагаду да акружаючых нас людзей.
Стэфаніяй Міхайлаўнай Станютай створана цэлая галерэя народных характараў. Сярод іх: Марыля і Паланея («Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Я.Купалы), Алена («Салавей» З.Бядулі), Ганна Пятроўна («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Рыпіна («Плач перапелкі» І.Чыгрынава»). Актрыса надзяліла сваіх гераінь душэўнасцю і чысцінёй, вялікай мудрасцю і любоўю да жыцця.
«Раскіданае гняздо» Я.Купалы было пастаўлена на купалаўскай сцэне ў 1972-м г. Барысам Луцэнкам. Спектакль стаў значнай з’явай як для Тэатра імя Я.Купалы, так і для ўсяго тэатральнага мастацтва Беларусі. Філасофскае асэнсаванне быцця, пошукі шчасця, праўды – усё гэта было закладзена ў задуме рэжысёра. С.Станюта стварыла ў спектаклі высакародны, велічны вобраз Марылі. Гераіня актрысы была выключнай, недасягальнай жанчынай па свайму спакойнаму, унутранаму стану. Яна была апранута ў простае чорнае адзенне, якое падкрэслівала ўпэўненасць і годнасць гэтай немаладой жанчыны. Марыля глыбока перажывала трагедыю сваёй сям’і, разбурэнне дома, які быў і яе адзіным прытулкам, і ўсім жыццём, а пакуты дзяцей сталі яе ўласнымі пакутамі.
У спектаклі былі заняты сапраўдныя майстры, акцёры-купалаўцы, пра якіх Стэфанія Міхайлаўна гаварыла з асаблівай цеплынёй: Лявона пранікнёна выконваў Павел Кармунін, тэмпераментна, шчыра ролю Сымона – Валянцін Белахвосцік. Запамінальны вобраз Старца ствараў Леанід Рахленка. Спектакль меў вялікі поспех яшчэ і таму, што ён быў таленавіта вырашаны сцэнографам Барысам Герлаванам. На сцэне не было ніводнай выпадковай дэталі. Сцэна была жывой, рамантычнай, напоўненай трапяткім дыханнем. Нават такія звычайныя прадметы як жабрацкія торбы Марылі, сякера Сымона, вянок Зоські, скрыпка Данілкі набылі ў пастаноўцы як сімвалічнае, так і паэтычнае гучанне. Яны сталі неад’емнымі ад тых персанажаў, якім належалі, суправаджалі іх і дапамагалі на працягу ўсяго дзеяння.
У пастаноўцы «Людзі на балоце» І.Мележа С.Станюта стварыла бліскучы вобраз Куліны Чарнушкі – складаны, магчыма, не такі ўжо і станоўчы у звычайным уяўленні – вобраз мачахі Ганны Чарнушкі. А як вядома, мачаха, – значыць, няродная маці, нядобрая, злосная. Актрыса ж не стала акцэнтаваць увагу на адмоўных рысах жанчыны. Яна прапанавала гледачу вобраз неадназначны, які нельга разгадаць з першага позірку. У ім было шмат прыцягальнага і цікавага. Прывабная нетаропкай разважлівай гаворкай, высокая, худая Куліна ў выкананні С.Станюты, была стомлена цяжкай сялянскай працай, якой ніколі не было канца. Яна была падобна на мноства звычайных беларускіх жанчын, якім і ёсць толькі справа што да сваёй гаспадаркі і няма часу азірнуцца навокал. І толькі ў вачах нельга не прыкмеціць – бясконцую дабрыню, добразычлівасць і ўменне ўсё разумець і спачуваць іншым. Куліне С.Станюты было ўласціва ўсё тое, што генетычна закладзена ў беларускай жанчыне і што нельга знішчыць нічым – ні нялюдзкімі ўмовамі жыцця, ні бясконцай знясільваючай працай, нават смерцю.
У спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе (1965, рэж. Р.Агамірзян) С.Станюта сыграла бабулю Вольгу. Яна надзяляла сваю гераіню вялікай жыццёвай мудрасцю, цеплынёй, мяккім гумарам, тактоўнасцю. Моўная характарыстыка персанажа была асабліва адметнай і прывабнай. «А ў апошняй, цудоўна сыгранай сцэне смерці, актрыса ўзнімала вобраз Бабулі да сімвалічнага абагульнення. Яна здолела стварыць непаўторны нацыянальны грузінскі характар, з уласцівым яму агеньчыкам і тэмпераментам», адзначае “Гісторыя беларускага тэатра”. Рухавая, абаяльная і вынаходлівая бабуля цудоўна ўпісвалася ў зладжаны акцёрскі ансамбль спектакля, які складалі: стрымананы, суровы Іларыён-У.Дзядзюшка, непасрэдны і іскрысты Зурыко-А.Мілаванаў, эгаістычны і самалюбівы Іліко-П.Кармунін.
У «Браме неўміручасці» К.Крапівы (рэж.В.Раеўскі, 1974 г.) Стэфанія Станюта з уласцівым ей пачуццём густу і гумару, адчуваннем камедыйнага жынру стварыла вобраз жонкі вучонага Дабрыяна – Марыі Сяргееўны. Яе гераіня была інтэлігентнай, стрыманай, і вельмі неабходнай свайму таленавітаму мужу, які адкрыў «закон неўміручасці».
Стэфанія Міхайлаўна кожную сваю ролю ўспрымала як падарунак, якому можна толькі радавацца, таму што яго магло б і не быць. І ні ў воднай са сваіх роляў яна не імкнулася іграць сябе, ці любавацца сабой. Як сапраўдная вялікая актрыса яна стварала на сцэне Вобраз, існавала і жыла ў ім. Сродкі яе сцэнічнай выразнасці былі самыя разнастайныя і да канца непадуладныя многім сённяшнім выканаўцам – непаўторны пластычны малюнак ролі, яркая эмацыянальная напоўненасць вобраза, выразнасць позірка, жэста, руха, мімікі, вытанчанае ўменне выкарыстоўваць іронію і гратэск, уменне насіць касцюм на сцэне. Усе гэта дазваляла надаваць канкрэтным ролям індывідуальную інтэрпрэтацыю і адзінае, непаўторнае выкананне.
Калі спектаклі з удзелам Стэфаніі Станюты нельга паўтарыць, мы можам іх толькі нагадаць, пераказаць, то яе фільмы па-ранейшаму засталіся жывымі: з яе голасам і непаўторнай постаццю. Можна назваць стужкі: «Дом продкаў», «Крыніца», «Трывожны месяц вераснь»,» Сад», «Сын», «Чужая бацькаўшчына», «Час выбраў нас», «Трэцяга не дадзена», тэлепастаноўкі «Людзі на балоце» і «Ткачы» і іншыя , знятыя на розных кінастудыях «Масфільм», студыі імя М.Горкага, «Ленфільм», «Грузіяфільм», студыі імя Даўжэнкі, «Беларусьфільм». Асабліва ж дарагой для актрысы стала стужка «Развітанне з Мацёрай» паводле аповесці В.Распуціна, якую здымалі Ларыса Шапіцька і Элем Клімаў. Вобраз Дар’і, створаны С.Станютай вельмі блізкі да любімых ею народных вобразаў. Нагадваецца Марыля з «Раскіданага гнязда» і Мондрыха ў кінастужцы «Чужая бацькаўшчына» па матывах рамана В.Адамчыка. Дар’я з «Развітання» – гэта і жанчына-маці, простая, працавітая, якая ўсё жыццё прысвяціла самым любімым і блізкім. Яна і высокая, недасягальная Мадонна, і сімвал роднага дома, яго цеплыні, сям’і, вечнай велічнай прыроды, без якой немагчыма адчуваць сябе чалавекам на гэтай зямлі.
Калі прыходзіш у Купалаўскі тэатр на новую прэм’еру, ці проста на звычайны спектакль, ходзіш у цішыні фае – менавіта ў гэтыя хвіліны сам-насам з сабой адчуваеш прысутнасць акцёраў-купалаўцаў, якія даўно пакінулі зямное жыццё. Тут дзесьці побач Віктар Тарасаў і Павел Дубашынскі, Павел Кармунін і Валянцін Белахвосцік, Аўгуст Мілаванаў і Галіна Талкачова, Зінаіда Браварская і Лілія Давідовіч… Адчуваеш прысутнасць і яе, Стэфаніі Міхайлаўны Станюты. Яна з’яўляецца – нібы ў сне, у розных узростах, але заўсёды кранае прыгажосцю, цеплынёй, вабіць постаццю Егіпецкай жрыцы і дзівосным ўборам жанчыны далёкага стагоддзя… Узгадваюцца яе ролі, голас, добразычлівы позірк. Яна ж застаецца такой блізкай і адначасова далёкай – цяпер ужо недасягальнай зоркай, імя якой рэдкае, незвычайнае, таямнічае – Стэфанія…

Ссылка на сайт обязательна Авторство: ОО «Белорусский союз театральных деятелей»