65-й театральный сезон начал народный артист Беларуси и СССР Геннадий Овсянников

647 праглядаў

«Вынік сялянскай працы — хлеб аржаны, акцёрскай — хлеб духоўны»

Творчы шлях народнага артыста Беларусі і СССР лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Генадзя АЎСЯННІКАВА пачаўся ў далёкім 1957 годзе. Выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута папоўніў калектыў старэйшага сталічнага тэатра імя Янкі Купалы і хутка набыў папулярнасць як майстар эпізоду. Найбольш яскрава яго талент раскрыўся, калі іграў Пустарэвіча з купалаўскай «Паўлінкі». Першага выканаўцу гэтай ролі народнага артыста СССР Глеба Глебава пазней замяніў не менш слынны Здзіслаў Стома, а затым эстафету прыняў Генадзь Сцяпанавіч. Спектакль і сёння працягвае жыць на купалаўскай сцэне.

Трапнасць народнага гумару, выразная міміка, непадробленая шчырасць таленавітага акцёра ярка адлюстроўваліся ў вобразах героеў п'ес Андрэя Макаёнка: «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Святая прастата». У кожным з гэтых спектакляў вядучыя ролі выконваў патрыярх тэатра. Асаблівага поспеху дасягнуў у вобразе Цярэшкі Калабка з макаёнкаўскага «Трыбунала».

За дзесяцігоддзі творчай дзейнасці купалаўцы аб'ехалі ўсю Беларусь. Генадзь Сцяпанавіч, акрамя тэатральнай сцэны, здымаўся ў тэлевізійных пастаноўках, тэлефільмах-спектаклях. Важны факт: пасля жнівеньскіх падзей 2020-га акцёр застаўся ў трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Імя народнага артыста СССР Гена­дзя Аўсяннікава добра вядома не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. Найбольшую славу яму прынеслі ролі звычайных вяскоўцаў на купалаўскай сцэне. Доктар мастацтвазнаўства прафесар Таццяна Арлова заўжды захапляецца майстрам:

— Генадзь Аўсяннікаў ніколі не бравіруе тым, што ён народны артыст і Беларусі, і СССР, сціпла ставіцца да такога высокага прызнання яго таленту. Купалаўскую «Паўлінку» нельга ўявіць без яго ўдзелу. Кожны раз у вобраз свайго героя ўплятае нешта новае. Родам ён з Бялынічаў, чалавек хоць і не вясковы, а на сцэне ролі сялян лепш за яго ніхто не выконвае. Ён шчыры, добразычлівы, з вялікім пачуццём гумару. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, сочыць за мастацтвам, шмат чытае, цікавіцца грамадскім жыццём.

Любіць Генадзь Сцяпанавіч бываць у творчай майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Міско, дзе можна паслухаць цікавых творчых асоб, падыскуціраваць альбо паназіраць за працай таленавітага скульптара. Сяброўства іх змацаванае дзесяцігоддзямі.

— Колькі раз наведваюся ў майстэрню Івана Акімавіча, заўжды адкрываю нешта новае ў яго скульптурах, — прызнаецца патрыярх беларускай сцэны Генадзь Аўсяннікаў. — Працаздольнасць дзевяностагадовага творцы гэтага сапраўднага пантэона вядомых асоб нашай зямлі надае настрою акцёру.

— Генадзь Сцяпанавіч, з чаго пачаўся ваш шлях у вялікае мастацтва?

— Няпросты гэты шлях. У перадваенны час ва ўзросце аднаго года застаўся без бацькі. Маці збіралася выходзіць замуж і аддала мяне на выхаванне сваёй сястры Марфе Гаўрылаўне, якая настаўнічала ў Клімавіцкім раёне. Часта яе пераводзілі з адной школы ў другую, а за ёю хвастом пераязджаў і я. Для мяне цётка стала як родная маці. Вайну разам перажылі. Памятаю, як гарэлі вёскі вакол Магілёва. Восенню 1943 года Клімавіцкі раён, дзе мы тады жылі, адным з першых на беларускай зямлі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У школе пачаліся заняткі. У першым класе дзеці розных узростаў. Вось сядзім на ўроку, а за вёскаю грыміць бой. Страху не адчувалі, бо звыкліся. У памяць урэзалася, як гітлераўскія войскі па бальшаку спешна адступалі. З калоны выйшлі два нямецкія салдаты і накіраваліся да людзей, што стаялі ўздоўж дарогі. Вяскоўцы сталі перашэптвацца: мо пачнуць страляць. Салдаты перадалі сялянам два боханы хлеба. Нехта выказаў думку, што атручаныя. Адламалі некалькі кавалкаў і кінулі сабакам — нічога з імі не стала. Тады хлеб падзялілі. З болем у сэрцы ўзгадваецца выпадкова ўбачаны ў хмызняку расстрэл ні ў чым не павінных яўрэяў. Такой запомнілася страшэнная вайна. Калі гляджу ваенныя фільмы, быццам вяртаюся ў той час. Наш абавязак — ведаць мінулае краіны, цаніць мірнае неба. У Год гістарычнай памяці кожнай беларускай сям'і ёсць што ўзгадаць. Раніцай крочу па сталічных вуліцах і бачу, як школьнікі ледзьве цягнуць на плячах набітыя кніжкамі ранцы, а ў маім дзяцінстве адна кніжка была на ўвесь клас. Пісаць не было чым: крушыну давілі ці сажу збіралі, каб развесці чарніла. Улетку не маглі дачакацца, каб паспелі яблыкі. Радаваліся кавалку праснака без солі.

— Як склаўся ваш лёс пасля вайны?

— Скончыў сямігодку і паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум, але пасля першага курса забраў дакументы і падаўся ў Рыжскае мараходнае вучылішча. Там таксама год павучыўся і адчуў, што не мая гэта справа. Бітым юнаком вярнуўся да цёткі, якая ўжо жыла ў Бялынічах, пераросткам пайшоў у дзявяты клас. На адным з канцэртаў зацікавіўся, як артыст чытаў байкі, што і падштурхнула мяне займацца ў школьным драмкружку. Кіравала ім настаўніца нямецкай мовы Марыя Мікалаеўна Гедда. Мы ставілі камедыю «Рэвізор» Мікалая Гогаля, мне дасталася роля Хлестакова. Пасля атрымання атэстата сталасці паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

— А з маці падтрымлівалі сувязь?

— Пасля смерці бацькі яна выйшла замуж, жыла ў сяле Роўнае непадалёку ад Сімферопаля. Некалькі разоў сустракаліся. Калі з тэатрам гастраліраваў у Крыму, заязджаў да маці. Пазнаёміўся са зводнаю сястрою Браніславай Буевіч. Яна і зараз там жыве.

— Па творчым стажы вы, напэўна, рэкардсмен у тэатры?

— У мяне пачаўся 65-ы тэатральны сезон. Такі ж творчы стаж і ў аднакурсніцы народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч. Так, гэта рэкорд сярод дзеючых артыстаў, але ў гісторыі тэатра былі асобы з большым стажам. Народная артыстка СССР Стэфанія Станюта звыш сямідзесяці гадоў аддала служэнню сцэне. Пражыла яна 95 гадоў, а мне ў лютым будзе толькі 88. Ёсць шанс пабіць яе рэкорд.

— У паважаным узросце застаяцеся запатрабаным акцёрам?

— Задзейнічаны ў трох спектаклях. Але, пэўна, без мяне можна абысціся. Не веру, што гледачы ідуць у тэатр, каб убачыць свайго куміра. Кожны раз перад табою новая публіка, яе трэба здзіўляць. Як толькі выходжу на сцэну, адразу адчуваю энергетыку залы. Калі ўсталёўваецца цішыня, значыць, гледачоў нешта зачапіла. Гэта прыдае настрою. Што б ні здарылася ў акцёра, важна ўвайсці ў ролю. У народнага артыста СССР Аляксандра Канстанцінавіча Ільінскага памерла маці, а ў той дзень яму трэба было выходзіць на сцэну. Прапанавалі замену, але ён катэгарычна адмовіўся. Узяў сябе ў рукі і бліскуча сыграў на сцэне Коласаўскага тэатра ў Віцебску.

Памятаю, як у народнай артысткі Беларусі Зінаіды Браварскай трагічна загінуў сын. Праз некалькі дзён пасля пахавання яна выйшла на сцэну, і зала цёпла вітала яе. У спектаклі акцёрка прамовіла рэпліку: «А Валерка наш жывы?» За кулісамі мы з хваляваннем сачылі за ёю. Увесь спектакль яна мужна трымалася.

— Ад чаго залежыць запатрабаванасць артыста?

— Не толькі ад здольнасцей, таленту. Вельмі важна ў любой сітуацыі заставацца чалавекам. Творчая дзейнасць акцёра, як правіла, пачынаецца з эпізадычных роляў. Пакуль быў задзейнічаны ў эпізодах, мае таленавітыя аднакурснікі Віктар Тарасаў і Марыя Захарэвіч адразу заявілі сябе на тэатральнай сцэне. Віктар Тарасаў пачынаў з ёмістай ролі Няхлюдава ва «Уваскрэсенні» па рамане Льва Талстога. Марыя Захарэвіч паспяхова справілася з вобразам галоўнай гераіні ў спектаклі Івана Мележа «Пакуль вы маладыя». Не ўсе адразу могуць іграць Гамлета. А хто тады будзе выконваць ролі Палонія, стражніка, афіцэра, якім выпала несці цела Гамлета? Аднаму даецца на парозе дома ступіць на пятую прыступку, а другому падняцца адразу на першы паверх. А каму і гады патрэбны, каб узабрацца на творчы алімп.

— Генадзь Сцяпанавіч, вам даводзілася іграць на сцэне з рознымі партнёрамі. Хто больш запомніўся?

— Народная артыстка СССР Галіна Кліменцьеўна Макарава. З ёю на сцэне немагчыма нешта не так зрабіць. Як зірне пранікнёным позіркам і цвёрда загадае «Сядзь!», то прысядзеш, калі і не хочаш. Ра­зам з ёю ігралі ў п'есах Андрэя Макаёнка «Трыбунал», «Святая прастата», «Таблетку пад язык», «Лявоніха на арбіце». Яна з першай хвіліны завалодвала ўвагай гледачоў. Больш за тысячу разоў ставілі «Лявоніху на арбіце», і яе ні разу ў галоўнай ролі ніхто не замяняў. Роля Максіма мне дасталася пасля народных артыстаў СССР Барыса Платонава і Здзіслава Стомы.

— Калі на сцэне дзве яркія творчыя асобы, ці не ўзнікае жаданне перайграць адзін аднаго?

— Калі ўзнікае яно, ты не гатовы на гэту ролю. У Сяргея Паўлавіча Каралёва ёсць выказванне: «Калі касманаўт садзіцца ў ракету і думае пра подзвіг, значыць, ён не гатовы да палёту». Так і ў акцёрскай дзейнасці. Пра поспех не думай, ён проста так не прыходзіць.

— А ці бывала так, што на сцэне забываліся словы героя?

— Гэта можа здарыцца з любым акцёрам. Геніяльны Павел Сцяпанавіч Малчанаў вучыў: калі на сцэне забыў, што гаварыць, завязвай шнуркі і ўзгадвай далей сваю ролю. Дзеянні акцёра — радок тэкста, акружаны жыццём, які сам па сабе не бу­дзе цікавым без рухаў акцёра. Нават пушкінскі верш «Я помню чудное мгновенье» можна перадаць з рознымі інтанацыямі.

— Вашы сцэнічныя героі ў большасці людзі вясковыя. Як вышукваеце арыгінальныя дэталькі для кожнай ролі?

— Не будзеш адное і тое ж паўтараць са спектакля ў спектакль. Калі ў «Трыбунале» сцэна выпіўкі мужыкоў, само сабой вылятала з вуснаў: «Эх, цяпнем яшчэ па чарцы. Шандарахнем за мяне, за старасту!» І пальцамі па стале вадзіў. Гэта вычытаў у Паўстоўскага. Пісаў ён пра спевака Пірагова, які ў кампаніі з сябрам, калі бралі па чарцы, пакуль глытаў гарэлку, пальцамі вадзіў па стале. Паспрабаваў і я так зрабіць на рэпетыцыі. Гэта прыкмеціў галоўны рэжысёр тэатра Валерый Раеўскі і падтрымаў дзеянне. Многія характэрныя рысы паводзін герояў лавіў на вуліцы. Інстытуцкі педагог Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў раіў нам назіраць на базары ці вакзале, як апрануты простыя людзі, пераймаць іх паходку, манеры. Мастаку ў тэатры для падбору рэквізіту на спектакль мы падказвалі, як больш праўдзіва ствараць вобраз героя.

— А ці адчувалася розніца ва ўспрыманні спектакляў Купалаўскага тэатра гарадскім і вясковым гледачом?

— Вясковая зала заўжды гудзела на пастаноўках «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал», «Выбачайце, калі ласка». Раўнадушных не было. Аднойчы пасля спектакля «Выбачайце, калі ласка» на сцэну кінуўся ўзрушаны натоўп з просьбай, каб Лідзія Ржэцкая, якая выконвала галоўную ролю, засталася і навяла парадак у іх калгасе. Людзі шчыра скардзіліся, што старшыні мяняюцца, а ладу няма.

Чулася з залы і такое: «Глядзі ты, вось дакладна як наш старшыня». Гэта надавала настрою. Было шмат незабыўных сустрэч. «Трыбунал» ставілі 650 разоў, з іх амаль 400 — на вёсцы. Кожны спектакль прымаўся на ўра. А колькі падзяк гучала ад простых людзей! Пасля выступлення на мяне глядзелі і здзіўляліся: «Ой, ён жа зусім малады, а на сцэне такі стары». Нас запрашалі ў хаты, частавалі.

— Усенародную славу прынесла вам роля Цярэшкі Калабка ў п'есе Андрэя Макаёнка «Трыбунал».

— Мо гэта і так, але сцэнічны вобраз Дармідонта ў другім варыянце гэтага спектакля «Позняе каханне» мой любімы. За дзесяцігоддзі сцэнічнага жыцця было шмат розных герояў, але гэты закрануў сэрца. Як і народная драма Уладзіміра Бутрамеева «Страсці па Аўдзею». Там гледачу ёсць над чым задумацца.

— А як вашу акцёрскую працу ацэньваў драматург Андрэй Макаёнак?

— Адносна майго выканання роляў у яго п'есах не ўсё адразу станоўча ўспрымаў, былі творчыя спрэчкі. Але пасля наступных праглядаў драматург браў свае словы назад. Гэта глыбокі, таленавіты драматург.

— Вы атрымалі званне народнага артыста Беларусі, а праз пяць гадоў і народнага артыста СССР. Такая слава не закружыла галаву?

— Гэта было для мяне поўнай нечаканасцю, галавакружэння ад поспеху не адчуў. Перад тым як атрымаць званне народнага артыста Беларусі, мы ставілі «Трыбунал» у кіеўскім тэатры імя Івана Франка. Спектакль высока ацаніў першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Украіны Уладзімір Шчарбіцкі і сваё захапленне выказаў па тэлефоне Пятру Міронавічу Машэраву. Так сталася, што неўзабаве мне прысвоілі званне народнага артыста Беларусі. А народнага артыста СССР атрымаў адначасова з Алегам Янкоўскім і Алай Пугачовай. Загад падпісваў Міхаіл Гарбачоў.

Акрамя беларускай тэатральнай класікі ў нашым рэпертуары былі і творы рускіх аўтараў. Гастраліравалі ў Расіі, Грузіі, Азербайджане, Малдове, а таксама ў Балгарыі, Польшчы, Германіі.

— Якую ролю не паспелі сыграць?

— З беларускага рэпертуару ўсё задуманае здзейсніў. Але, як кажуць, не ўсе мары здзяйсняюцца. Планавалася ў тэатры ставіць спектакль Яраслава Гашака пра салдата Швейка. Рыхтаваўся да пастаноўкі, чытаў творы чэшскага пісьменніка. Мне ж яшчэ не дзевяноста, так што ўсё магчыма.

— У вас ёсць вучні?

— На такое пытанне Георгій Аляксандравіч Таўстаногаў адказваў: «Не ведаю, няхай яны самі скажуць, калі лічаць мяне сваім настаўнікам». Так і я лічу. Важна і тое, што мяне заўжды пасля спектакляў чакае дома жонка Ніна Уладзіміраўна. Яна зямлячка слыннага мастака Міхаіла Савіцкага. Гэта мой трэці шлюб, спадзяваюся, што самы ўдалы.

— Вашы пажаданні чытачам «Сельской газеты»?

— Чытачы «Сельской газеты» — гэта ў асноўным людзі, што працуюць на зямлі. Хачу ім падзякаваць за наш багаты — на хлеб і да хлеба — стол. Галоўнае, чаго мне не хапала ў дзяцінстве, — кавалка аржанога хлеба. Калі ёсць ён на стале, запатрабаваны будзем і мы, акцёры. Вынік сялянскай працы — хлеб аржаны, а акцёрскай — хлеб духоўны.

 

Тэатры