27 сакавіка, у міжнародны дзень тэатра, падвялі вынікі фестывальнага тыдня.
Яшчэ напачатку форума была заяўлена, што 2 лепшых калектыву атрымаюць дыпломы «Падзея форуму» — па версіі прафесійных крытыкаў і моладзевай рэдакцыі фестывалю. Галоўнай падзеяй, па меркаванню прафесіяналаў, стала зонг-опера «Медэя. Эпізоды» Тэатра Дзі Капуа з Санкт-Пецярбурга з удзелам музыкаў культавай групы «Апошнія Танкі У Парыжы». Пастаноўка, дарэчы, — уладальніца Гран-пры Прэміі імя Сяргея Курэхіна і намінант на Незалежную Музычную Прэмію Арцемія Троіцкага «Стэпавы воўк» у намінацыі «Нешта».

Фота тут и далей: vk.com/martkontakt
А вось тэатральная моладзь, якая актыўна асвятляла ўсе падзеі форума ў спецыяльнай газеце, вырашыла заняць пазіцыю нейтралітэту, абвясціўшы падзеяй усе спектаклі, уключаючы паказаную у рамках спецыяльнай праграмы пастаноўку магілёўскага драмтэатра «Ліпень» і эскіз па апавяданні Васіля Быкава «Жоўты пясочак» — на працягу тыдня ў рамках майстэрні маладой рэжысуры яго рыхтавала з артыстамі Магілёўскага драмтэатра выхаванка вядомага піцерскага рэжысёра Генадзя Трасцянецкага Каміля Хусінава. «Падзея форуму — мастацтва!» — такую выснову зрабілі прадстаўнікі рэдакцыі тэатральнага весніка фестывалю. Яшчэ каля 500 прыхільнікаў форума выказалі свае меркаванні ў Інтэрнэце. Па інфармацыі арганізатараў, першае месца атрымаў Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр з пастаноўкай «Метад» (22,9% галасоў), другое месца аддадзена Цвярскому тэатру юнага гледача і іх спектаклю «Пустэча» (11, 1%). А вось трэцяе месца дасталася Тэатра Дзі Капуа і ягонай «Медэі.Эпізоды» (10,3%).
На гэты раз было шмат пастановак з біблейскім падтэкстам, якія хоць і не сталі падзеяй форума, але, ёсць надзея, прымусілі кагосьці задумацца над сэнсам жыцця і нешта, магчыма, змяніць у ім. Напрыклад, навучыцца несці адказнасць за свае ўчынкі, каб не быць падобнымі на герояў камедыі-прытчы «Ураджай» Маскоўскага Губернскага тэатра па п’есе нашага славутага земляка і драматурга Паўла Пражко. Звярнуцца да пошукаў сваёй існасці, на што натхнілі сваім праектам «Цудоўнае і жахлівае» артысты арт-групы «Med a prach / Мёд і пыл» са Славакіі. Або ўзгадаць пра міласэрнасць, сапраўдную любоў і веру разам з харкаўскім тэатрам Адэскага разліву «Ланжэрон» і іх пастаноўкай «Ліст да Бога».
Нагадаем, што сёлетні M.@rt.контакт быў 13-м па ўліку. У ім прынялі ўдзел творчыя калектывы 20 тэатраў з 8 краін свету — Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Славакіі. За 6 фестывальных дзён яны паказалі 22 пастаноўкі. Магчымасць сустрэцца прыхільнікам тэатра з артыстамі розных краін прадставілі заснавальнікі фестывалю: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Нэлi Зігуля
Крынiца: Газета Звязда