Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

3333 праглядаў

 

 

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі створаны ў 1990 годзе як тэатр-лабараторыя сучаснай нацыянальнай драматургіі.

За гады існавання РТБД стаў неад’емнай часткай культуры Беларусі і заняў лідзіруючыя пазіцыі ў сучасным беларускім тэатры. На сцэне – псіхалагічны тэатр, уважлівы да чалавека і яго стану, беларускі фальклор у сучаснай апрацоўцы, асацыятыўны пластычны тэатр. У пастаноўках спалучаюцца сатыра і лірыка, гратэск і рэалістычная дакладнасць.

Аснову рэпертуару – больш за 70% пастановак – складаюць творы беларускіх аўтараў: Андрэя Іванова, Віктара Марціновіча, Мікалая Матукоўскага, Францішка Аляхновіча, Леапольда Родзевіча, Канстанціна Сцешыка, Васіля Быкава і іншых. Акрамя таго, у афішы ёсць творы класікаў сусветнай літаратуры, такіх як Аляксандр Вампілаў, Аляксандр Астроўскі, Марцін МакДонах, Жэральд Сіблейрас, Мікалай Гогаль.

Пры РТБД існуе Цэнтр беларускай драматургіі, які з’яўляецца платформай для збору і папулярызацыі сучасных беларускіх п’ес. Тэатр вядзе працу па аказанню творчай дапамогі маладым пачынаючым драматургам, арганізоўвае сцэнічныя чытанні п’ес, семінары, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку і развіццё нацыянальнай драматургіі.

За высокія дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры ў 2010 годзе РТБД прысвоена званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з’яўляецца ўдзельнікам (у шэрагу выпадкаў – лаўрэатам) прэстыжных міжнародных тэатральных фестываляў. У іх ліку можна назваць: Эдынбургскі тэатральны фестываль (Вялікабрытанія), Міжнародны тэатральны фестываль імя А.П.Чэхава ў Маскве, “Новая еўрапейская п’еса” ў Вісбадэне (Германія), “Тэатральныя канфрантацыі” ў Любліне (Польшча), Міжнародны тэатральны фестываль у Сібіў (Румынія), Міжнародны тэатральны фестываль “Славія” ў Бялградзе (Сербія), “Балтыйскі дом” у Санкт-Пецярбургу, Міжнародны фестываль Марціна МакДонаха ў Пермі і іншыя.

Усе пастаноўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ідуць на беларускай мове. РТБД імкнецца да эксперыменту, з’яўляецца стартавай пляцоўкай для адкрыцця новых імёнаў і распрацоўкі творчых ідэй. Пра тэатр шмат пішуць. Рэжысёраў і акцёраў добра ведаюць і любяць гледачы.

Адрас: г. Мінск, вул. Крапоткіна, 44

Сайт тэатра: rtbd.by

Тэатры